Старонка:Карлік нос 1938.pdf/26

Гэта старонка была вычытаная

падлогацёры перасталі выбіваць дываны. Усе цясніліся вакол Якава, і на дварэ стаяў такі шум і гоман, нібы да горада падступілі Ворагі. Усюды чуліся крыкі:

— Карлік! Карлік! Бачылі вы карліка?

Нарэшце, на двор вышаў Палацавы Наглядчык - заспаны тоўсты чалавек з вялізным бізуном у руцэ.

— Гэй, вы, сабакі! Што гэта за шум?—закрычаў ён грамавым голасам, неміласэрна б'ючы сваім бізуном па плечах і спінах конюхаў і прыслужнікаў. - Не ведаеце вы хіба, што яго светласць яшчэ спіць?

— Пан- адказвалі вартаўнікі,- паглядзіце, каго мы да вас прывялі! Сапраўднага карліка! Такога вы яшчэ, мабыць, ніколі не сустракалі.

Убачыўшы Якава, Наглядчык зрабіў страшную грымасу і як можна шчыльней сціснуў губы, каб не рассмяяцца, - важнасць не дазваляла яму рагатаць перад конюхамі. Ён разагнаў сабраўшыхся сваім бізуном і, узяўшы Якава за руку, прывёў яго ў палац і спытаў, што яму трэба. Пачуўшы, што Якаў хоча бачыць Начальніка Кухні, Наглядчык усклікнуў:

— Няпраўда, сынок! Гэта я табе патрэбен, Палацавы Наглядчык. Ты-ж хочаш паступіць да герцага ў карлікі, ці не так?

- Не, пан, - адказаў Якаў. — Я добры повар і ўмею гатаваць усякія рэдкасныя стравы. Адвядзіце мяне, калі ласка, да Начальніка Кухні. Можа быць, ён згодзіцца выпрабаваць маё майстэрства.