Старонка:Карлік нос 1938.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

— Твая воля, малыш, - адказаў Наглядчык. —Ты яшчэ, відаць, дурны, хлопец. Будзь ты прыдворным карлікам, ты мог-бы нічога не рабіць, есці, піць, весяліцца і хадзіць у прыгожай вопратцы, а ты хочаш на кухню! Але мы яшчэ паглядзім. Наўрад ці ты дастаткова ўмелы повар, каб гатаваць стравы самому герцагу, а для паваронка ты вельмі прыгожы.

Сказаўшы гэта, Наглядчык адвёў Якава да Начальніка Кухні. Карлік нізка пакланіўся яму і сказаў:

— Міласцівы пан, ці не патрэбен вам умелы повар?

Начальнік Кухні агледзеў Якава з галавы да ног і гучна разрагатаўся.

— Ты хочаш быць поварам? — усклікнуў ён. — Што-ж, ты думаеш, у нас у кухні пліты такія нізенькія? Ты-ж нічога на іх не ўбачыш, нават калі падымешся на цыпачкі. Не, мой маленькі друг! Той, хто табе параіў паступіць да мяне поварам, зрабіў з табой дрэнную штуку.

І Начальнік Кухні зноў разрагатаўся, а за ім — Палацавы Наглядчык і ўсе тыя, хто быў у пакоі. Якаў, аднак, не збянтэжыўся.

— Пан Начальнік Кухні, — сказаў ён,- вам, напэўна, не шкада страціць адно-два яйкі, крыху мукі, віна і прыпраў. Даручыце мне прыгатаваць якое-небудзь смачнае блюда і загадайце падаць усё, што мне для гэтага патрэбна. Я згатую гэтую страву быстра, ва ўсіх на вачах, і вы скажаце: «Вось гэта сапраўдны повар, як трэба».