Старонка:Карлік нос 1938.pdf/39

Гэта старонка была вычытаная

— Слухаюся, пан герцаг, - адказаў Якаў і вышаў, заклапочаны і засмучаны. Вось калі наступіў дзень яго ганьбы! Адкуль ён ведае, як пякуць гэты пірог?

Ён пайшоў у свой пакой і пачаў горка плакаць. Мімі ўбачыла гэта з сваёй клеткі і пашкадавала яго.

— Аб чым ты плачаш, Якаў? - запытала яна, і, калі Якаў расказаў ёй пра Пірог Каралевы, яна сказала:

— Вытры слёзы і не сумуй. Гэты пірог часта падавалі ў нас дома, і я, здаецца, помню, як яго трэба пячы. Вазьмі столькі вось мукі і пакладзі яшчэ такую вось і такую вось прыправу—вось пірог і гатоў. А калі ў ім чаго-небудзь і нехопіць - бяда невялікая. Герцаг з князем усёроўна не заўважаць. Не такі ўжо ў іх разборлівы смак.

Карлік Нос падскочыў ад радасці і зараз-жа ўзяўся пячы пірог. Спачатку ён зрабіў маленькі піражок і даў яго паспрабаваць Начальніку Кухні. Той знайшоў, што атрымалася вельмі смачна. Тады Якаў спёк вялікі пірог і прама з печы паслаў яго да стала. А сам надзеў сваё святочнае плацце і пайшоў у сталовую паглядзець, як герцагу з князем спадабаецца гэты новы пірог.

Калі ён уваходзіў, дварэцкі якраз адрэзаў вялікі кавалак пірага і на сярэбранай лапатачцы падаў яго князю, а потым, другі такі-ж- герцагу. Герцаг адкусіў адразу поўкавалка, пражаваў пірог, праглынуў яго і са здаволеным выглядам адкінуўся на спінку крэсла.