Старонка:Карлік нос 1938.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

чарыжкі, таго і глядзі абломіцца і твая галава ўпадзе ў нашу карзіну. Хто ў нас тады што-небудзь купіць?

— Дык у мяне, па-твойму, вельмі тонкая шыя? - сказала бабуля, усё таксама-ж усміхаючыся.— Ну, а ты будзеш зусім без шыі. Галава ў цябе будзе тырчаць проста з плеч, - па крайняй меры, не зваліцца з цела.

— Не кажыце хлопчыку такога глупства, - сказала, нарэшце, Ханна, не на жарты раззлаваўшыся. — Калі вы хочаце што-небудзь купіць, дык купляйце хутчэй. Вы ў мяне разгоніце ўсіх пакупнікоў.

Бабуля сярдзіта паглядзела на Ханну.

— Добра, добра, — прабурчала яна. — Няхай будзе па-твойму. Я вазьму ў цябе гэтыя шэсць качаноў капусты. Але толькі ў мяне ў руках кастыль, і я не магу сама нічога несці. Няхай твой сын данясе мне пакупку да дому. Я яго добра ўзнагароджу за гэта.

Якаву вельмі не хацелася ісці, і ён нават заплакаў — ён баяўся гэтай страшнай бабулі. Але маці строга загадала яму слухацца, — ёй здавалася грэшна прымушаць старую, слабую жанчыну несці такі цяжар. Выціраючы слёзы, Якаў паклаў капусту ў карзіну і пайшоў следам за бабуляй.

Яна ішла не вельмі хутка, і прайшла амаль гадзіна, пакуль яны дабраліся да якойсьці дальняй вуліцы на ўскраіне горада і спыніліся перад маленькім поўразбураным домікам. Бабуля вынула з кішэні якісьці заіржаўлены кручок, спрытна ўсунула яго ў дзірачку дзвярэй і раптам дзверы з шумам расчыніліся.