Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

меж імі лічыліся княжствы: Смаленскае і Полацкае, — а ў X сталецьці ўспамінаюцца ўжо княжствы: Вітэбскае, Мінскае, Туроўскае, Оршанскае, Друцкае, Лукомльскае, Мсьціслаўскае, Ізяслаўскае, Слуцкае, Новогрудзкае, Несьвіжскае, Пінскае, Соломерэцкае, Мазырскае, Клецкае, Перэсопіцкае, Свіслочскае, Барысоўскае і іншые.

Па ўсіх гэтых княжствах хрысьціянская вера ўсходняго абраду расшырылася ад часоў Кіеўскаго князя — Володзіміра. У тые-ж часы і некаторые Беларускіе княжствы належалі да Кіева. Але ў XI сталецьці за незалежнасць сваю ад Кіева паўстае Полацкае княжство, і мала-памалу загараецца непрыязнь Полочан да Кіева. Полацкае княжство на заходзе, так сама як Кіеўскае на поўдні, пачынае злучаць дробные княжствы ў вадно. Полацкі князь займае такое самае палажэньне меж дробных сваіх князёў, якое займаў князь Кіеўскі меж палудзенно-рускіх удзельных князёў.

Так сама, як у палудзеннай Русі і Літве, так і ў Беларусі дробные княжствы не былі злучэны ў вадно цэлае гасударство; кроў лілася ў дамовых войнах, паліліся гарады і сёлы. Народ трымаўся свайго князя датуль, пакуль бачыў у ім сілу, а калі той слабеў, народ перэходзіў на старану дужэйшаго. Трэба ведаць ешчэ, што на Беларусі з самых даўных часоў трымаўся вечэвы парадак, пры каторым, па праўдзі, княжствам кіраваў народ, а не князь. У вялікшых гарадох, як Полацк, Мінск, Туроў, вечэ мело вялікую сілу і часта праганяло непадабаўшагося народу князя і выбірало новаго. Ня гледзячы на гэта, народ крэпка любіў род сваіх князёў; князю другога, чужога роду, цяжка, ды і не зусім беспечна было садзіцца на пасад Полацкіх князёў. Гэта прывязанасць народу да роду князёў сваіх даводзіць нам, што князі с паганскімі літоўскімі імёнамі не былі чужымі князямі, але належалі да роду Полацкіх князёў; яны княжэцкі пасад не сілай забіралі, але садзіліся на яго па радавому праву.

Полацк — самае даўнае і сільнае з усіх беларускіх княжств. Княжыў тут з няпомных часоў род мейсцовых князёў (аб каторым адна скандынаўская (швэдзкая) песьня ўспамінае ўжо ў 6 веку па нараджэньні Хрыста). Імён тых князёў гісторыя нам не перэказала. Найдаўнейшы вядомы князь гэта — Рогволод, каторы княжыў у X сталецьці. Расказываюць, што у Рогволода была вельмі пекная дачка — Рогнеда. Да Рогнеды сваталося многа розных князёў, памеж