Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

іншымі прыслаў сваіх сватоў і Кіеўскі князь Володзімір, але Рогнеда не хацела ісьці за яго замуж і атправіла сватоў такімі славамі: «скажыце свайму князю, што не іду за рабыныча». (Володзімірова матка была нявольніцай — рабыняй). Володзімір разгневаўся за гэта і напаў з сільным войскам на Полацк, узяў яго, перэбіў усю княжэцкую семью, а Рогнеду, завёзшы ў Кіеў, прымусіў быць яму жонкай. Рогнеда радзіла сына Ізяслава. Володзімір для Ізяслава на сталіцу пабудаваў горад Ізяслаў (Мінск. губ.) і аддаў яму дзедзічнае полацкае княжство.

Полацкіе князі, Ізяславовічы (побоч з Ізяславічамі, як відаць, была старая лінія мейсцовых князёў, як князі Туроўскіе, Пінскіе і Городзецкіе, катотые ніякаго сваяцтва праз Володзіміра с Кіеўскімі князямі ня мелі), зразу вораго становяцца проці Рурыковічоў, каторые княжылі тады ў Кіеві і вялі род свой ад Ярослава, дзеля чаго зваліся Ярославічамі. Ярославічы ўсімі сіламі ненавідзелі Полацкіх князёў Ізяславовічоў. Чым тлумачыцца гэта ненавісць, трудна разгадаць. Тое толькі пэўна, што ў прыпадках найбольшых бед і напасьцей чужынцоў на Полудзённую Русь, Ярославічы рэдка калі пакідалі свае дамовые войны і сваркі, каб агульнымі сіламі бараніцца, затое яны ўсе едналіся і станавіліся шчырымі паміж сабой, калі ім прыходзілося пайсьці вайной на князёў Полацкаго роду. Відаць за пагудкай народнай, каторая папала ў летапісі аб сьмерці Рогволодавай, прыкрываліся нейкіе спрадвечные крыўды і рахункі за іх. Як можна уцяміць с прычын, каторые вызывалі войны, Полацкіе князі выказывалі нейкіе правы свае на Пскоўскіе і Ноўгородзкіе землі, ў каторых, як некаторые вучоные кажуць, жыло так сама племя Крывічоў. У кожным прыпадку прычыны, дзеля каторых «Рогволожы внуцы взімают меч», мелі свае глыбокіе прычыны.

Ад Ізяслава пачынаецца род гісторычных полацкіх князёў. У 1003 гаду княжыць у Полацку сын Ізяслава — Брачыслаў. Ад часоў князя Брачыслава пачынаецца вядомае нам з гісторыі змаганьне Полацку с Кіевам. Найбольшы разгар змаганьня прыпадае на час княжэньня сына Брачыславоваго — Ўсеслава, а ўнука сына Рогнеды — Ізяслава. Першы напаў на землі належачые да Кіева Ўсеслаў, — узяўшы многа нявольніка і багата абабраўшы гарады, варочаўся ён дамоў у Полацк. Кіеўскіе князі заступілі яму дарогу. Страшная бітва адбылася каля рэкі Немігі (пад Мінскам); Кіеўскіе князі ўзялі Мінск, але ві-