Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

лі была патрэба, то і перэменяілі свае імёны. Так мала-памалу яны клалі асновы Літоўскаму княжству, аж пакуль Рынгольд, а пасьля сын яго — Міндоўг не сабралі сільнаго гасударства, злучыўшы ў вадно як полацкіх, так і літоўскіх князёў. Сталіцай маладога літоўскаго каралеўства стаўся Новагрудак (цяпер паветовы горад Мінск. губ.).



ЧАСЦЬ ДРУГАЯ

ад павароту Полацкіх князёў (1132 г.) да сьмерці Вітоўта (1430 г.).

За тры годы пасьля хаўруснаго пагрому кіеўскімі князямі беларускіх зямель народ у 1132 гаду збунтаваўся проціў чужынцоў і прагнаў с Полацка князя Сьвятополка, з роду князёў Ярославічоў кіеўскіх. Сабраўшыся на вечэ, народ урадзіў вярнуць сваіх князёў, правых дзедзічоў Полацкаго пасаду. Выбор веча паў на князя Васілька Рогволодвіча (ўнука Ўсеслава вялікаго). Пры гэтым даўные дамовые войны і сваркі заціхлі; дробные ўдзельные князі цяпер пачалі крапчэй трымацца адзін другога, падтрымывалі меж сабой згоду і лад, а толькі войнамі ў чужых землях стараліся расшыраць сваю ўласць. Так яны заваладзелі пры-Дзьвінскімі землямі Лівонцоў і Латышоў. Ўласць і павага народнай рады-веча расшырылася. Выбар князя на Полацкі пасад залежаў толькі ад веча. Яно па сваей волі пераменяе князёў. Так у 1151 гаду вечэ выслало полацкаго князя Рогволода ў Мінск, а на Полацкі пасад пасадзіло Росціслава; цераз восем гадоў ізноў вярнуло Рогволода, а ў 1162 г. ізноў скінуло яго, выбраўшы князем Ўсеслава Васільковіча.

Ўсеслаў Васільковіч належыць да лічбы слаўнейшых Полацкіх князёў. Іон княжыў с 1160 да 1180 году. Народ і ўдзельные князі яго вельмі любілі, высока цэнючы яго розум і справедлівасць; усе ахвотна яго слухалі і называлі Вялікім князем. Пасьля сьмерці Ўсеслава Васільковіча вечэ не хацело выбіраць сабе другога князя, а завяло рэспубліку, каторай кіравало 30 выбраных старцоў, хаця ешчэ жылі сыны і ўнукі Ўсеслана Брачыславовіча. Рэспублікай Полацкае княжство было 9 гадоў: ад 1181 да 1190 году. У 1190 гаду