Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

Загранічные зносіны Вітоўта былі самые найлепшые. Маскоўскі князь Васіль прыходзіўся Вітоўту ўнукам; князі Разанскі, Тверскі і др. называюць яго панам і гаспадаром сваім. Чэхія хочэ аддаць яму сваю карону. Папеж пазначае яго апекуном Рыжскаго архіепіскопства. Імператар Зыгмонт у лістах сваіх радзіць Вітоўту каранавацца на Літоўска-Рускаго караля. Вітоўт гэтаго і дабіваўся. На водохрышчэ 1429 г. запрасіў ён к сабе ў Луцк гасьцей з усей Эўропы. Зьехаліся: Ягайло, кароль польскі з дваранамі; Васіль, князь маскоўскі; вялікі магістр крыжацкі; паслы ад імператара грэцкаго; пасол ад Папежа; мітрополіт маскоўскі Фотій; Імператар Рымскі з багатай сьвітай. Пішуць летапісы, што кожны дзень выходзіло на пачастункі госьцям 700 бочэк віна, мёду, піва; 700 быкоў і кароў; 1400 бараноў; 100 зуброў; 100 кабаноў; 100 лосёў. Госьці банкетовалі ў Луцку 7 тыднёў.

На каранацію Вітоўта глаўные асобы, ад каторых гэта залежало, — Папеж і Рымскі імператар — згаджаліся, але праціўны гэтаму былі палякі. Ўспамянуты выжэй Збігнев Олесьніцкі, біскуп кракоўскі, усімі сіламі стараўся гэтаму перэшкодзіць. Іон прычыніўся да таго, што каранацію адлажылі на пазьней, і госьці раз’ехаліся, умовіўшыся з’ехацца ізноў у 1430 гаду. Кракоўскі біскуп, баючыся, што перэламаць Вітоўта не ўдасцца яму, угаварыў Ягайлу адступіць Вітоўту польскую карону. Але Вітоўт не пагаліўся на польскую карону. Іон жэдаў бачыць Літоўска-Рускае гасударство зусім незалежным, і толькі гэтай кароны хацеў.

На другі год зьезд ізноў сабраўся ў Троках. Усе госьці сабраліся, апрача Імператара Рымскаго Зыгмонта, каторы паслаў карону Вітоўту з нарочнымі пасламі. Але Збігнев Олесьніцкі, падпільнаваўшы паслоў, адабраў у іх карону. Летапісь кажэ: „І ляхове, не жычыўшы короны Літве, корону от ніх (паслоў) тую адабраўшы і разсекшы ее на полы, прыложылі ко коруне біскупа краковскаго, каторая і цепер пры замку і косьцеле сьв. Станіслава ёсць“.

Вітоўт быў хворы. Гэтай новай неўдачы ён не перэнёс і 27 лістапада 1430 году памёр.

На зьездах каранацыйных Вітоўта, апрача каранаціі яго, разбіралося такжэ пытаньне аб тым, як пагадзіць цэрквы Усходнюю-Правослаўную з Заходняй-Каталіцкай. Імператар Зыгмонт раіў зрабіць цэркоўную унію (злучыць цэрквы ў адно). Гэтае ж самае пы-