Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/35

Гэта старонка была вычытаная

ЧАСЦЬ ТРЭЦЯЯ

ад сьмерці Вітоўта (1430 г.) да Люблінскай Уніі (1569 г.).

Ешчэ пры жыцьці Вітоўта ў 1413 гаду быў у Городлі (Люблінскай губэрні) сэйм, гдзе польска-літоўская шляхта падпісала варункі, па каторых Літва і Русь злучаецца с Польшчай на вечные часы ў адно гасударство. Літоўска-Беларускіе баяры атрымалі на гэтым сэйме права прыпісывацца до родавых польскіх шляхоцкіх гэрбоў, але толькі тые з баяр, каторые перэменяць сваю веру ўсходняго абраду на каталіцтво. Мы ўжо ведаем пагляд Вітоўта на справы рэлігіі, што ён за веру нікога не прыціскаў, ані зьдзекаваўся і людзям аднэй веры не даваў большых правоў проці людзей другой веры. Хаця ўсе гэтые шляхоцкіе зьезды, гэрбы і прывілеі за жыцьця Вітоўта былі толькі пустой забаўкай, але ўсё-такі Городэльскі акт пасеяў сварку дамовую ў Літоўска-Рускім гасударстве. Баяры Літоўскіе і Жмудзкіе, прыняўшы каталіцкую веру, пастаўлены былі Городэльскай уніей у лепшые варункі — як бы паноў над беларускімі баярамі, каторые ў тые часы крэпка ешчэ трымаліся сваей бацькоўскай веры. З гэтай прычыны ў Літоўска-Рускім гасударстве злажыліся дзьве непрыязные сабе партіі — каталіцкая і правослаўная. Непрыязнь гэта была глухой, таёнай, але жыла поўным жыцьцём у душах як каталікоў, так і правослаўных. Городэльскую унію і варункі яе вельмі падтрымывалі палякі. Адзін з гэтых варункоў кажэ: „Сызматыкі і другіе няверные (некатолікі) ня могуць займаць ніякіх вышэйшых становішч у Літоўскім гасударстве“. Унія зрабіла раздваеньне і ў беларускім баярстве. Людзі пустые, каторым туманілі мозг „тытулы“, і гэрбы, перэходзілі на старану палякоў часта толькі дзеля пыхі, а былі і такіе, каторые перэходзілі і дзеля карысьці, якую каталікам давала Городэльская Унія. Народ вось тады і пачаў дзеліцца на каталікоў і правослаўных. Першые былі староннікі Польшчы і ўсяго што польскае; другіе стаялі на становішчы краёвых інтэрэсоў, на становішчы національным. А побоч пачалі разгарацца незнаные дагэтуль у Беларусі сваркі рэлігійные.