Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/37

Гэта старонка была вычытаная

Дзеля гэтаго пасьля Вітоўтавай сьмерці правослаўная партія, у каторай лічыліся тады князі: Олельковічы (Слуцкіе і Капыльскіе), Сангушкі, Сапегі, Вішневецкіе, Збаражскіе, Порыцкіе, Озерскіе, Подберэзкіе, Острожскіе і многа іншых, боючыся перэвагі над сабой палякоў і польскай партіі, высунулі на кандыдата ў Вялікіе князі Сьвідрыгайлу, свайго староньніка. Партія была сільная і Сьвідрыгайло стаў Вялікім князем Літоўска-Рускім. Сьвідрыгайло хацеў, падобна Вітоўту, кіраваць гасударствам незалежна, але на гэта ў яго нехапіла ні розуму, ні сьмеласьці. Маючы характэр жорсткі і гарачы, ён скора аднадзіў ад сябе нават сваіх староньнікоў. Трымаючы толькі адну старану — праваслаўных, дакінуў ён дроў у тлеўшые ешчэ іскры сварак рэлігійных, робячы агранічэньня католікам. Дзеля гэтаго каталіцкая партія жадала мець на Вяліка-княжэцкім пасадзе свайго староньніка, Жыгімонта Кейстутовіча. Каб дайсьці сваей мэты, яны зрабілі згавор, каб забіць Сьвідрыгайлу. У 1432 гаду Жыгімонт з згаворшчыкамі ў ночы ўвайшоў у Ошмяны, напаў на замчышчэ, с катораго чуць здалеў уцячы Сьвідрыгайло, пакінуўшы там жонку і багацтвы.

Сьвідрыгайло уцёк у Полацк і зара зьвярнуўся аб помачы да крыжакоў, каторые яму ў скорасьці і прыслалі падмогу. Тымчасам беларускіе землі не хацелі прысягаць Жыгімонту. Сьвідрыгайло с крыжацкім войскам пайшоў на Ошмяны, але быў разбіты і чуць ратаваўся сам, перш у Полацк, а пасьля ў Пскоў. Жыгімнот, будучы Вялікім Князем, перэменяе палітыку: ён прыцесьняе беларусоў праваслаўных і дзеля таго староньнікі праваслаўнай партіі — князь Іван Чарторыжскі разам з ваеводамі Доўгірдам і Лелюсам — убіваюць Жыгімонта ў 1440 гаду.

Тады праваслаўная беларуская партія выбірае на Вяліко-княжэцкі пасад Казіміра, сына Ягайловаго (1441) а праз 7 гадоў палякі выбіраюць яго сваім каралём. З гэтаго часу першы ешчэ раз володае Польшчай і Літвой з Беларусей адзін кароль.

Пры Казіміры на сэймах у Любліне (1447 г.), у Парчэве (1451 г.) і ў Петрокове (1453 г.) паднімаюцца пытаньня аб нераздзельным злучэньні двух гасударств, але Літва і Беларусь змагаюцца ешчэ за сваю незалежнасць і аткідаюць еднасць с Польшчай, каторая гразіла зніштажэньнем національнай сьведомосьці ў беларусоў, дзеля таго, што шляхта ахвоча была прыймаць толькі паверхны „лоск“ польскай культуры і польскіе звычаі.