Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/48

Гэта старонка была вычытаная

гарачым словам будзіў національную думку Сымон Будны і Васіль Тяпінскі. Тапінскі ў прадмове да свайго Евангельля, пісанаго па беларуску, так бядуе над тагдышнім слабым самапачуцьцем національным беларусоў… „духоўные учыцелі пісьма рускаго не знаюць, не разумеюць і не бачуць“… нема і школ беларускіх …„зачым у польскіе (школы), або у іншые… себе і дзеці свое без встыду заправуют (аддаюць вучыць)“. Кінутая національная думка развівалася. Другі невядомы пісьменнік з праваслаўнаго абозу ў крыху пазьнейшые ўжо часы прычынай національнаго ўпадку Беларускаго народу лічыць недахват національнай прасьветы, кажучы гэтымі словамі: „іж Русь, спосполітоваўшыся з імі (палякамі), пазавідзела іх абычаем, іх мове і наукам і, не маючы своіх наук, у наукі Рымскіе свае дзеці даваць пачалі: каторые з навукамі к веры іх навыклі і так по малу-малу наукамі своемі усе панство Руское до веры Рымскай прывелі, іж потомково княжат рускіх з веры правослаўнай на Рымскую выкрэсьціліся і назвіскі і імёны собе поотменялі, якобы ніколі не зналіся быці потомкамі благочэсьцівых прародзіцелей сваіх… Бо колібы былі науку мелі, тогды бы за неведомосьцю своею не прышлі до такое погібелі“.

Рэформацкі рух на Беларусі меў вялікае прасьветнае значэньне, але разам с тым прынёс і шмат шкоды.

Рэлігійны рух устанавіў згоду паміж Літвінамі і Беларусамі. І адны і другіе маглі працаваць разам у культурным руху і разам у справах національнай незалежнасьці ад Польшчы. Здавалося, што не было на гэта лепшаго момэнту. Тым часам выйшло іначэй: Літва, і Беларусь, заместа дайсьці незалежнасьці ад Польшчы, саўсім з ею злучыліся.

У 1548 гаду памёр Жыгімонт (Стары). Літоўска-Рускі князь Жыгімонт-Аўгуст заняў і польскі пасад. Жыгімонту-Аўгусту прыйшлося княжыць у часе самаго разгару рэформацко-рэлігійных спороў. Тымчасам Маскоўскіе войны гразілі поўным упадкам гасударства. Перэбегчыкі з Маскоўскаго княжства — як князь Курбскі і іншые—расказывалі страшэнные рэчы аб Іоане Грозным, дык усе баяліся маскоўскаго князя і стараліся, як мага, бараніцца. Але нехватало сіл, і вось, хаця і не ахвотне, трэба было звярнуцца да Польшчы, зблізіцца да яе, даць большую сілу палякам у краю на рахунак сваей незалежнасьці.