Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/54

Гэта старонка была вычытаная

зе; трэцяя Краінская ў 1555 гаду. Літоўская Біблія друкавалася ў 1590 гаду ў горадзі Кенігсбэргу, Латышская ў 1587 гаду ў Рызе.

Першая беларуская Біблія перэтлумачэна была з лацінскай мовы на беларускую Францішкам Скорынай с Полацка. Відаць тагочасная Кракоўская беларуская друкарня была за мала для друкаваньня Бібліі, дзеля таго Скорына паехаў друкаваць яе ажно ў Чэшскую Прагу, гдзе і пачаў друк у 1517 гаду, а працаваў там да 1520 года. Тымчасам у Вільні стараньнем Бабіча, бурмістра гор. Вільні, заложэна была вялікая друкарня. Тады Скорына вярнуўся ў Вільню і тут ужо дакончыў друк Бібліі ў 1525 гаду.

Апрача Бібліі Скорына выдаў колькі другіх ешчэ кніжок: „Канонік“, „Псалтыр“ і інш.

Бабіч перэдаў сваю друкарню каля 1576 году брацьцям Мамонічам, родам з Могілева. Вядомы два браты Мамонічы: Кузьма, Віленскі бурмістр, і Лукаш, скарбны (казначэй) Вял. Кн. Літоўскаго, а так сама сын Кузьмы, Лявон, называўшый сябе каралеўскім друкаром. Ў гэтай друкарні без перэрыва друкаваліся беларускіе кніжкі аж да XVII сталецьця. У ёй надрукаваны быў і „Статут Літоўскі“ па беларуску пад рэдакціей знаменітаго канцлера Вял. Кн. Літоўскаго, Льва Сапегі, і многа розных іншых кніг. Польская друкарня ў Вільні заложэна была ў 1576 гаду — пазьней за беларускую на 51 год.

У XVI сталецьці беларускіе друкарні знайходзіліся ўжо шмат па якіх гарадох. Так, князь Мікалай Радзівілл Чорны залажыў у 1562 гаду беларускую друкарню ў Несьвіжы. Да старшых беларускіх друкарэнь адносяцца друкарні ў Любчы, Слуцку, пасьля ідуць друкарні ў Заслаўлі, Магілеве, Полацку, Мінску, Пінску, Заблудове, Супрасьлі, Еўі.

Што датычэ школ пры манастырах, то іншые з іх сегаюць вельмі даўных часоў, як напрыклад Туроўская школа, каторая адносіцца да самаго пачатку Туроўскай епархіі (IX сталецьця). Пасьля Смаленскіе школы былі шырока вядомы ў XI сталецьці, а побач гэтых аткрываліся з даўных часоў школы: у Полацку — заснаваная сьв. Параскевай (Параскай), у Пінску, Мозыры, Слуцку і Мінску. З слаўных людзей выйшоўшых з гэтых школ, вядомы: с Туроўскай школы — сьв. Кірыл; с Пінскай — Мітрофан летапісец; Слуцкай — Ерэй Еўгеній, а з Мінскай школы выводзяць пеўца аб Палку Ігора.