Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/62

Гэта старонка была вычытаная

справедлівасьці ў справах веры і, прызнаючы шырокую свабоду суменьня, не дапускаў, каб за веру адны людзі прыціскалі другіх. Баторы ведаў, што іначэй кіраваць гасударствам, у каторым было колькі розных вер, ня можна. Езуіты сперша думалі, карыстаючы с пабед Батораго над Масквой, навярнуць на каталіцтво і маскоўскае царство, а прынамсі зрабіць цэркоўную Унію з Масквой, але думку гэту ім не ўдалося правясьці ў жыцьцё. Дый самі езуіты хутка зразумелі, што навярнуць на каталіцтво Маскоўскае Царство ніяк нельга; затое яны бачылі падатны грунт для Уніі цэрквей у Беларусі. Цяжка было зьвярнуць на каталіцтво сперша нават баярство і шляхту; з шляхты перэходзілі ў каталіцтво толькі кальвіністы і лютэране. Баярство і шляхта беларуская, каторая не пайшла за рэформацкім рухам, не квапілася перэменяць веру, бо карыстала з усіх правоў, як і каталікі. Праўда, вышэйшые становішчы ў гасударстве раздаваў кароль сваей ўласьцю і пры гэтым мог абмінуць некаталікоў, але дробные баяры і шляхта і так ніколі сэнаторскіх мейсц не займалі, дык і з гэтай прычыны не было патрэбы перэменяць веру. Затое праваслаўнае духавенство відзело ў каталіцтве небеспечных для сябе праціўнікоў, бо каталіцкая цэрква была лепш організована. Памалу начыналося і расло змаганьне за веру, у каторым не малую вагу мелі станы нешляхоцкіе: мешчане і селяне. Папом мог стацца кожны, як мешчанін, так і селянін. Ведамосьці, патрэбные для духоўнаго стану, праваслаўным лягчэй было здабыць, бо ня трэба было вучыцца лаціны і другіх навук; хватало ўмець чытаць па славянску і знаць абрады, каб стацца праваслаўным сьвяшчэнікам. Дзеля гэтаго праваслаўнае беларускае духавенство не аддзелялося ад свайго народу, бо яно выходзіло з гэтаго-ж самаго народу і было з ім моцна зьвязано, да таго і 500-летняя праваслаўная традыція ў самым народзе была вялікай сілай.

Добра ўцямілі ўсе гэтые варункі езуіты і вось, заместа наварачываць беларусоў адразу на каталіцтво, паднялі ізноў думку аб цэркоўнай Уніі з Рымам. Польскі езуіт Пётр Скарга, падхваціўшы думку аб Уніі, напісаў і выдаў кніжку „Аб еднасьці цэркві Божай“ (1677 г.), у каторай даводзіў што ў той час, калі Володзімір, князь Кіеўскі, прыймаў хрысьціянство, патрыарх Константынопольскі Сьв. Ігнат быў у еднасьці з Рымам, дык значыць і новая цэрква ў Русі нарадзілася і жыла ў еднасьці