Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/66

Гэта старонка была вычытаная

аб рэлігійнай Уніі. У лоне самой праваслаўнай цэркві ў Беларусі ішло змаганьне памеж брацтвамі і вышэйшым духавенствам. Брацтвы часта загледалі ў прыватнае жыцьцё владык, а важнейшые брацтвы, зацьверджэные константінопольскім патрыархам, мелі права нават пазываць владык на свой брацкі суд. Палажэньне вышэйшаго праваслаўнаго духавенства станавілося трудным. Галава ўсей праваслаўнай цэрквы, патрыарх, каторы жыў у Константынополі пад ўласьцю турэцкаго Султана, павінен быў плаціць вялікіе падаткі турэцкаму ўраду (правіцельству), а дзеля гэтаго яму патрэбны былі грошы, і за імі пасылаў ён у Русь. Патрыаршые пасланцы часам накладалі высокіе платы на Рускіх владык, каторые самі па сабе не былі людзьмі багатымі, і ім гэта было немалым цежарам. А ў той-жэ самы час владыка, галава мейсцовай цэрквы, быў залежны ад простых селян і рэмесьнікоў, каторые праз сваіх дэпутатоў на саборы выказывалі публічна недастаткі і віны владык, пісалі даносы патрыарху. Гэта залежнасьць духавенства ад прыватных людзей зьявілася ў Беларусі не раптам, а была старой формай заходна рускай цэрквы, ды толькі цяпер усе гэтые „посполітые“ людзі з брацтвоў пачалі шырока карыстаць з свайго права. У той-жэ самы час езуіт Скарга выказываў у сваей кнізе, што біскуп (владыка) — гэта просты пасрэднік памеж Богам і людзьмі, за каторым сьвецкіе людзі павінны ісьці, як авечкі за пастырам, і недапускаць нават думкі аб кантролі над галавой цэрквы. Такіе думкі падабаліся владыкам. Думка цэркоўнай Уніі, як ужо вышэй было сказано, натуральна вырастала з злажыўшагося палажэньня ў Русі. Такі вядомы стоўп і апора праваслаўя, як князь Острожскі, шчыра думаў у сваім часе аб цэркоўнай Уніі. Толькі прычына, па каторай Острожскі хацеў Уніі цэрквей, розьнілася ад тых прычын, якіе мелі на гэта праваслаўные заходна-рускіе владыкі. Думкі Острожскаго, як можна ўбачыць з сэймоваго змаганьня шляхты за унію, падтрымывае і віднейшае баярство. Прычынай прыхільнасьці да уніі цэрквей для Острожскаго і яго староннікоў была думка аб моцнай національнай цэркві, каторая, збліжаючыся да Заходняй Эўропы, гэтым самым, магла бы стапіць у сабе ўсе рэформацкіе сэкты і забеспечыцца проці работы Украінско-беларускай езуітоў. Праваслаўные ў Беларусі нераз лучыліся з рэформатамі, каб змагацца проці каталіцтва. Такім спосабам мы бачым у справе Уніі два кірункі: адзін — вышэйшаго духавенства, каторае жадало