Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/74

Гэта старонка была вычытаная

са стараны палякоў, перэд каторымі былі безсільны, і бадай тут першы раз заўважылі, што справа веры і націі гэта не адно і тое самае; могуць быць дзьве нават зродные сабе націі аднэй веры, але яны заўсягды астануцца двумя рознымі націямі. На Унію глядзелі толькі як на перэходную ступень у каталіцтво; дайшло да таго, што шляхта перэходзіла проста ў каталіцтво і, заместа національнай справы, ставіла сабе мэтай у жыцьці справу шляхэцтва, а каталіцкіе біскупы часта паніжалі біскупоў уніяцкіх. Беларускае духавенство, раздзеленае Брэсцкай уніей на ворогіе сабе часьці, вяло паміж сабой нешта падобнае на вайну; духоўные адбіралі адны ад другіх цэрквы і меньне. У гэтым змаганьні часта здараліся з абедзьвых старон крыўды і непраўды; у 1623 гаду праваслаўные, абурэные на біскупа Полацкаго, Ёзэфата Кунцэніча, за гвалты, якіе ён чыніў, даходзячы ад праваслаўных цэркоўных маёнткоў для уніятоў, узбунтаваліся проці яго і забілі ў Вітэбску. Ёзэфата, як мучэніка за Унію, уніяцкая цэрква залічыла да ліку сьвятых. І з гэтаго ўжо часу Унія, авеяная вянком мучэнічэства, пачынае разшырацца на Беларусі. Тымчасам «дызуніты» (праваслаўные), ціснутые за веру ў Беларусі, пачынаюць уцекаць на Украйну да тамтэйшых вольных казацкіх дружын, несучы туды кліч змаганьня за веру. Казакі з давён-даўна жылі на пагранічы Польскай Рэчыпоснолітай і Турціі; складаліся яны з вольнаго народу, каторы незнаў над сабой ніякое ўласьці. Яны жылі з вайны, ад часу да часу нападаючы на туркоў і татароў і вызываючы гэтым войны паміж Польшчай і Турціей. Турція, выведзеная з церпеньня казацкімі напасьцямі, не раз гатовілася да вялікай вайны с Польшчай, хочучы зваеваць заадно і Польшчу, і яе казакоў. Вайна з Турэччынай у гэты час была небеспечнай для Польшчы, аслабленай рэлігійнымі сваркамі. Каб недапусьціць да вайны, Польшча пастанавіла прыціснуць казакоў, адбіраючы ім прывілеі караля Батораго і ўсе тые правы, якіе яны дагэтуль мелі. Тады казакі ўзбунтаваліся і напалі на Польшчу. Але гэтман Жолкевскі разьбіў іх. У няволю папаў гэтман казацкі Налевайко і ня гледзячы на абецанкі палякоў не рабіць яму ніякай крыўды, «што і волас з галавы не упадзе», ўсё-ж такі яго замучылі ў Варшаве страшэннай сьмерцьцю. Шляхта, думаючы, што казацкую сілу ўжо зусім зніштожыла, пастанавіла на сэйме ў Варшаве лічыць бунтоўшчыкамі ўсіх казакоў, каторые стаялі за свае правы і веру, просты народ запісаць у падданство, а украінскай праваслаўнай