Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/79

Гэта старонка была вычытаная

выперці іх з зарубоў і ўвагнаць у балота. І там яны не хацелі паддацца; стоючы па пояс у балоце, бараніліся да паследка. Некаторые с казакоў зачыніліся ў Пінску; тады Пінск быў узят прыступам і зруйнаваны да шчэнту разам з жыцелямі. Аб гэтым прыпадку ў Пінску ешчэ да сягоньняшніх дзён пяе беларускі народ:

Із пад Слуцка, із пад Клецка
Едзе дружба маладзецка,
Ад княжаці із пад Мінска
Ваеваці места Пінска —
Места Пінска ваеваці,
Ад ляхоў абараняці.
Хоць прыйшлі — не далі рады,
Ўсе пагінулі ад здрады.
А я пайду ў пост вялікі
Да Турова, да Владыкі,
Каб малебен адслужыці,
Ды пакаюсь за грэхі,
Дзень і ноч буду маліці,
Дзень і ноч буду прасіці,
Каб загінулі Ляхі.

Пасьля разбіцьця Радзівіллам казакоў над Прыпецьцю і зніштажэньня Пінска, паўстаньне на Беларусі на нейкі час успакоілося, але не на доўга: яно разгарэлося ешчэ з большай сілай. калі разыйшлася вестка аб разбіцьці польскаго войска казакамі пад Пілавіцамі. Просты народ — селяне пачалі схадзіцца на рады па лесох і па лесох організаваць збройные дружыны, каторые з дня на дзень павялічываліся сьвежымі сіламі. Па сёлах і вёсках зьяўляліся нет ведама скуль старцы-лірнікі, каторые апевалі народу яго нядолю, пабеды казакоў і блізкую гібель паноў. Паміж народам пачалі хадзіць дзіўные і не падобные да праўды чуткі, бытцам шляхта збунтавалася проці караля ды маніцца вырэзаць мужыкоў, а казакі паўсталі за караля. З вёскі ў вёску перэдавалі лісты Хмельніцкаго, у каторых пісалося тое-ж самае. — Дык народ слухаў лірнікоў, слухаў бытцам „каралеўскіх“ лістоў; зьбіраўся, радзіўся і ў канцы браў касу, рогаціну, тапор на доўгім чэране і ішоў у лес злучацца з дружынамі. Дружыны расьлі, даходзілі вялікіх сіл і памыкаліся здабываць нават добра ўмацаваные гарады, якімі Слуцк і Быхоў былі ў тые часы.