Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/80

Гэта старонка была вычытаная

Справы рабіліся ўсё больш і больш грознымі. Радзівілл з войскам патрапіў да восені (1648) адабраць ад паўстанцоў Чэрнобыль, Гарадок, Могілеў і колькі другіх гародоў за Днепром, дабытых перш паўстанцамі. Але Рэчыца і Мозыр бараніліся да ўпаду. У Мозыры жыцелі, — хаця ім абецалі ўсім да аднаго дараваць віну, калі яны аддадуць аружжэ, — не пайшлі на згоду і ўсе да апошняго былі выгублены, а палкоўніка Міхаленка пакаралі ганебнай сьмерцьцю за тое, што ён разам з жыцелямі бараніў Мозыра. — Жыцелі Бабруйска пад камандай Подубіча другі раз падняліся, але, перэпужаўшыся прыезду самога гэтмана, згодзіліся выдаць зачыншчыкоў паўстаньня, каторые, каб збавіцца ад ганебнай сьмерці, запёршыся ў сваіх хатах, самі сябе падпалілі.

Як моцна бунтаваўся тады народ, лепей за ўсё відаць са слоў аднаго с тагочасных польскіх гісторыкоў, каторы дзівуецца, што ў тые часы, калі ўрад ледзьве мог знайсьці сабе „жоўнероў“ за дарагіе грошы, паўстанцы, не беручы ні платы, ні харчоў, — сваей ахвотай зьбіраюцца вялікімі грамадамі і ўсяго маюць паддастатком. А другі гісторык прыраўнівае мужыцкае паўстаньне да зьмея, катораму, заместа аднэй адсечэнай галавы, вырастае колькі новых галоў.

Хаця ў гарадох і было здушэно паўстаньне, ўсё-ж такі яно не зусім заціхло: у розных мейсцах Беларусі хадзілі збройные грамады, а Хмельніцкі ад сябе прысылаў падмогу паўстанцам. Так, палкоўнік Кржэчкоўскі прыйшоў на помач с 14 тысячамі казакоў, але быў разьбіты пад Лоевым; тады, адступіўшы к Днепру, засеў ён серэд балот і доўга непакоіў рэгулярнае войско, але ў канцы і ён, і яго казакі пагінулі да аднаго. Тое-ж самае было і с палкоўнікам Подубайлам, каторы вёз с сабой у чоўнах каля 12 тысяч казакоў: усе яны разам з ім згінулі.

Уляглося зусім паўстаньне толькі пасьля Збороўскай згоды, на каторай шляхта абецалася здаволіць жаданьня казакоў. У гэтым часе, пасьля Збороўскай згоды, адыйшла да Украйны і часць Беларусі: па Днепры ад Быхова, адтуль па рэцэ Сожы і Сожай да Смаленскаго павету. Гэтману Радзівіллу, за яго стараньне каля ўспакаеньня паўстаньня на Беларусі, сэйм аддаў на вечные часы Нэвэль і Себеж з ваколіцамі.

Прыймаючы пад сваю ўласць казакоў, Маскоўскі Цар Алексей Міхайловіч добра разумеў, што Польшча без вайны не прызнае яго