Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/90

Гэта старонка была вычытаная

прыклад, пасьля сьмерці Аўгуста II на конфэдэраціі 1732 году было пастаноўлено: „касьцёл каталіцкі не павінен цярпець каля сябе другіх вер; людзям другіх вер — праваслаўным і протэстантам — адбіраецца право быць выбранымі ў дэпутаты на сэймы, трыбуналы (суды) і ва ўсякіе асобные камісіі, устанаўляемые для якіх-небудзь спраў. Правы іх зраўніваюцца з правамі жыдоў. Духоўные іх не павінны хадзіць яўна па вуліцах с сьвятымі дарамі (сакрамэнтамі); хрысьціны, шлюбы, пахароны яны маюць права рабіць толькі дастаўшы пазваленьне ад каталіцкаго кзендза, дый то за устаноўленую плату. Пахароны з харугвямі і народам людзям другіх вер забараняюцца; яны павінны хараніць нябошчыкоў у ночы. Ў гарадох інаверцы павінны бываць на каталіцкіх працэсіях; у сёлах не маюць права мець званы пры цэрквах. Дзеці, каторые родзяцца з мешаных шлюбоў, павінны быць каталікамі, і нават праваслаўные пасынкі вотчыма-каталіка павінны прыймаць каталіцтво“. У 1747 гаду выйшоў каралеўскі указ, каб у каралеўскіх маёнтках пасьля памершых праваслаўных і уніяцкіх папоў не назначалі на іх мейсцэ новых без пазваленьня самога караля. На Сэйме 1764 года пастаноўлено было караць сьмерцьцю тых, каторые пяройдуць с каталіцтва у другую якую веру, і пастаноўлено было запісываць у падданство сыноў папоўскіх, калі яны да 15 гадоў не навучацца якой спэціальнасьці. У 1766 гаду біскуп кракоўскі, Солтык, падаў Сэйму думку, каб кожнаго, хто асьмеліцца сказаць на сэйме мову на карысьць інаверцоў, аб’яўляць ворагам гасударства. Сэйм думку гэту прыняў з радасьцю і зрабіў яе законам.

Калі мы ўсё гэта разгледзім, тады зразумеем, чаму беларускае праваслаўнае духавенство шукало апекі у маскоўскіх цароў: Польшча для іх была мачыхай, дый злой мачыхай. Тое-ж самае рабілі і протэстанты, звертаючыся за апекай у Немеччыну. Дзеля гэтаго суседніе с Польшчай гасударствы пачалі мешацца ў унутрэнае жыцьцё польскаго гасударства і што раз болей і болей сталі кіраваць гэтым жыцьцём. К гэтаму пры выборы кожнаго новаго караля ў Польшчы складаліся розные партіі, каторые стаялі кожная за свайго кандыдата, цягнулі ў розные бакі і так сама прасілі помачы суседніх гасударствоў. Кароль жэ, выбраны якой небудзь партіей, ня меў ніякіх правоў, бо ўсё лежало на сэймах, а сэймы адзін за другім зрывала сама шляхта, карыстаючы с права „veto“ (не пазваляю).