Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/92

Гэта старонка была вычытаная

суседнім с Польшчай гасударствам право мешацца ў яе ўнутрэнае жыцьцё, а нават пры помачы падкупленых або падстаўленых людзей кіраваць гэтым жыцьцём.

Ў 1767 гаду „дыссыдэнты“ (кальвіністы і лютэране) эрабілі саюз — так званую „Слуцкую конфэдэрацію“, да каторай пазьней далучыліся і праваслаўные з беларускім архіепіскопам Грыгорам Коніскім. Конфэдэрація гэта дабівалася для дыссыдэнтоў роўных правоў с каталікамі; а як для расейскай палітыкі было карысна, каб у Польшчы была завіруха, дык Расейскі ўрад падтрымліваў гэту конфэдэрацію, а Імператрыца Кацерына II дабілася ад польскаго ўраду роўных правоў для інаверцоў ды гэтым ешчэ болей раздражніла староннікоў агранічэньня правоў дыссыдэнтоў. Сіла Расеі ў Польшчы з году на год узрастала, і Расея камандавала блізка ўсім яе ўнутрэным жыцьцём; гэта не падабалося польскім патрыотам, і яны для абароны Польшчы ад Расеі зрабілі так сама свой саюз — Барскую конфэдэрацію (с каталікоў). Конфэдэрацкая вайна блізка чатыры гады трывожыла Польшчу і ўцягнула Расею ў вайну с туркамі. Пасьля гэтай вайны наступіў першы раздзел Польшчы ў 1772 гаду. Па гэтаму раздзелу да Расеі адыйшло: Інфлянцкае воеводзтво і Беларусь аж да рэк Дзьвіны, Дручы і Днопра. Чужэземнае войско увайшло ў адрэзаные часьці Польшчы, і Сэйм зацьвердзіў гэты раздзел. Але палякі не маглі спакойна глядзець на раздзел свайго гасударства; зразумеўшы, што ўсё гэта зрабілося ад таго безладзьдзя, якое панавало ў Польшчы, яны, каб паправіць беду, задумалі завясьці у сябе констытуцію. Партія, каторая хацела аднаўленьня Польшчы і каторай кіраваў граф Потоцкі, дайшла свайго: констытуція была зацьверджэна 3 мая 1791 году. Настаў новы лад у Польшчы, але скора знайшліся нездаволеные як гэтым парадкам, так і тым, што на Сэйме скасавалі право „veto“. Гэтым адным словам даўней кожны шляхціц мог сарваць хоць якое пастанаўленьне Сэйму. Вось, гэтые нездаволеные злучыліся у конфэдэрацію пад кірункам Шчаснаго Потоцкаго, Браніцкаго і Жэвускаго і звярнуліся за падмогай да царыцы Кацерыны II. Царыца выслала ім на помач сваё войска, а проці іх выступілі староннікі гасударственаго ладу пад камандай Понятоўскаго і Косьцюшкі; але расейскае войско разбіло іх. Кацерына прымусіла караля Польскаго Станіслава адрэчыся констытуціі і прылучыцца да конфэдэратоў.