Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/101

Гэта старонка была вычытаная

а польская — з 1576 году, на 51 год пазьней. У Маскве друкарня пачала працаваць з 1563 году, на 80 год пазьней за беларускую друкарню. Да ўсіх гэтых лічбаў нам ня трэба нічога дадаваць, бо яны гавораць самі за сябе.

Беларуская друкарская справа зьвязана з імем першага беларускага друкара Францішка-Юрыя Скарыны. Ён быў родам, як сам казаў, «з слаўнага гораду Полацку», з багатай гандлярскай фаміліі. У 1506 г. ён скончыў Кракаўскі універсытэт па філёзофскім факультэце. Не здаволіўшыся гэтай адукацыяй, Скарына паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з унівэрсытэтаў, але ўжо па мэдыцынскім факультэце, атрымаўшы ступень доктара. На нейкі час ён затрымаўся ў Празе і тут пачаў сваю працу па перакладзе на беларускую мову і па выданьні кніг. Каля 1525 году доктар Скарына перабраўся ў Вільню, дзе займаўся тэю самаю працаю. Скарына ўжо ў той час зразумеў, што лацінская мова, а таксама і стара-царкоўнаславянская мова ня могуць здаволіць шырокіх кол грамадзянства. Адчувалася ўжо патрэба ў кнігах, якія былі б напісаны ў простай, штодзённай размоўнай мове. Ось Скарына і прыняўся за пераклад кніг сьвятога пісаньня і кніг набажэнства на сучасную яму беларускую мову, каб гэтыя кнігі былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям. Свае выданьні ён ахвяраваў «людзям простым, паспалітым». Скарынаю былі ператлумачаны і выданы Біблія, Канонік і Псалтыр. Апроч каштоўнасьці працы Скарыны збоку культурнага трэба адзначыць каштоўнасьць гэтай працы і збоку хараства. Усе кнігі выданы вельмі прыгожа. Шрыфт яго выданьняў не падобен на другія шрыфты яго часу. Ясна, што шрыфт быў зроблен па малюнку самога Скарыны, які даглядаў ня толькі за тым, каб літара была лёгкая, але за тым, каб яна здавольвала чытача і збоку хараства. Вялікія літары ў кнігах Скарыны ўсе прыгожыя, усе штучна ўбраны. Тут ёсьць і галінкі, і лісьці, і кветкі, і зьвяры. Ёсьць тут і гэрб роду друкара: сонца і поўмаладзік, злучаныя разам. На Бібліі намалёван і портрэт Скарыны. Друкар сядзіць за сталом і піша; з левага боку ад яго згруджаны фоліянты і кнігі; над галавою намалёваны фамільныя гэрбы тых мэцэнатаў, якія рабілі матэрыяльную і моральную дапамогу яго працы; з правага боку на зямлі стаіць плецены кошык, падобны да якога і цяпер можна спаткаць у вёсцы на Беларусі.