Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/109

Гэта старонка была вычытаная

мыя паны і шляхціцы павету па асабістым запрашэньні вялікага князя. Склад Вальнага Сойму канчаткова вызначыўся толькі к пачатку другой палавіны XVI сталецьця. Ён складаецца з гаспадарчай рады, каторую па польскім звычаі часам называюць Сэнатам, і з павятовых паслоў дэпутатаў, каторыя складаюць Пасольскую Ізбу. Пашыраецца і компэнтэнцыя сойму, каторы бярэ сабе правы Гаспадарскай Рады. Гэты факт сьведчыць аб тым, што вырастае значэньне і моц сярэдняга і дробнага зямлеўласьніцтва, шляхецтва, каторае пачынае ўжо змагацца за ўладу з вялікімі зямляўласьнікамі, магнатамі-панамі.

Што да цэнтральнай адміністрацыі, то на чале яе стаялі тры ўраднікі, каторыя паступова выдзеліліся з ураднікаў палацу. Першым з іх ёсьць канцлер, каторы трымае дзяржаўную пячатку і загадвае цэнтральнай дзяржаўнай канцылярыяй. За ім ідзе гэтман, каторы камандуе ў часе вайны арміяй, калі на чале яе не стаіць сам гаспадар. Загадчык дзяржаўнага скарбу насіў назву падскарбія земскага. Гэтыя тры вышэйшыя ўраднікі падлягалі беспасрэдна самаму вялікаму князю. Апроч іх пры асобе гаспадара знаходзіўся рад прыдворных ураднікаў. У ранейшыя часы яны нясьлі рэальныя абавязкі і іх было мала. З цягам часу лік іх значна павялічыўся і рэальнасьць іх абавязкаў адпала. Гэта былі проста пачэсныя ўрады. Да прыдворных урадаў належалі — маршалак дворны, чашнік, краўчы, стольнік, канюшы, мечнік і г. д.

Гаспадарства дзялілася на ваяводзтвы — Віленскае, Троцкае, Кіеўскае, Полацкае, Віцебскае і Смаленскае, староствы — Жмудзкае і Валынскае. На чале ваяводзтва і староства стаялі ваяводы і староствы, каторыя назначаліся на свае пасады гаспадаром дажывотна[1]. Ваяводзтвы і староствы дзяліліся на паветы, на чале каторых стаялі дзяржаўцы.

Праваслаўе перашло ў Літоўска-Беларускую дзяржаву з Полацкай Русі. Іерархічна яно было зьвязана з Кіеўскім мітрополітам. У XIV сталецьці Кіеўскі мітрополіт пераехаў на жыцьцё ў Маскву і зрабіўся такім спосабам Маскоўскім мітрополітам. Але яму на падставе традыцыі падлягала і праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы. Зразумела, што з гэтым не магла згадзіцца політычная ўлада гаспадарства. Самастойнае політычнае гаспадарства патрабавала самастойнасьці і ў царкоўных адносінах. У

  1. Дажывотна — да смерці.