Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/124

Гэта старонка была вычытаная

злучэньні цэркваў. Даведаўшыся, што шмат праваслаўных надта абураны справай, зробленай без агульнай згоды Цярлецкім і Пацеем, кароль узяў пад сваю абарону як іх, так і іншых епіскапаў, каторыя падпісалі акт вуніі. Не хапала толькі саборнага зацьвярджэньня. Спагадчыкі вуніі думалі абыйсьціся і без сабору, але праціўнікі вуніі дамагаліся, каб быў склікан сабор.

Сабор быў скліканы ў Бярэсьці ў кастрычніку 1596 году. На сабор зьявіліся прадстаўнікі двух усходніх патрыархаў, Цараградзкага і Александрыйскага. Як і трэба было спадзявацца, адразу вынік разлад паміж двума кірункамі. Фактычна адбыліся два саборы. Адзін сабор складалі абаронцы вуніі пад старшынством Львоўскага лацінскага арцыбіскупа Сулікоўскага. Другі сабор складалі праваслаўныя, ня згодныя з вуніяй, пад старшынством Львоўскага ўсходняга епіскапа, Гэдэона Балабана, з прысутнасьцю прадстаўнікоў ад усходніх патрыархаў. Вуніяцкі сабор зрабіў пасяджэньне ў берасьцейскай саборнай царкве, а праваслаўны — у прыватным будынку, бо Пацей, епіскап Уладзімерскі, да епархіі якога належала Бярэсьце, аддаў прыказ зачыніць для праціўнікаў вуніі ўсе цэрквы ў горадзе. Прадстаўнікі сабораў некалькі раз заклікалі на сваё пасяджэньне сваіх супернікаў, але нічога з гэтага ня вышла. Кожны з сабораў вёў справу асобна і застаўся пры сваёй уласнай думцы аб вуніі. Вуніяты абвясьцілі анатэму і лішылі сану епіскапаў, што не згаджаліся на вунію, а праваслаўныя зрабілі тое самае ў адносінах да сваіх супернікаў. Ня гледзячы на такі канец сабору, польскі ўрад і рымскі папа пачалі офіцыяльна лічыць вунію адбытым фактам. На праваслаўную веру ўрад глядзеў як на сэкту «схізму». У праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы і манастыры, забралі Сафійскую саборную царкву ў Кіеве. Па гарадох было забаронена адпраўляць праваслаўнае набажэнства.

Праваслаўныя ўтрымалі за сабою Кіева-Пячэрскі манастыр і мітрополіцкую катэдру ў Кіеве. У далейшыя часы з ліку кіеўскіх мітрополітаў сваёю чыннасьцю праславіўся энергічны і з вялікаю эрудыцыяй чалавек, Пятро Магіла. Яшчэ ў бытнасьць сваю архімандрытам Кіеўскай лаўры ён заснаваў пры ёй раней духоўную школу, каторую потым перарабіў у вышэйшую школу — акадэмію. Сюды ён выпісаў з усходу вядомых у тыя часы профэсароў і зьбіраў вакол акадэміі і ў акадэміі моладзь, каторая шукала асьветы. Гэ-