Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/128

Гэта старонка была вычытаная

права. Ужо ў 1652 годзе шляхціц Сіцінскі першы раз сарваў працу сойму сваім «veto». Сойм павінен быў разьехацца, не зрабіўшы нічога. Такія бясплодныя соймы ў далейшыя часы здараліся ўсё часьцей і часьцей. Па падліку Кастамарава, з пяцідзесяці апошніх соймаў Рэчы Паспалітай без усялякіх перашкод адбылося толькі 7 соймаў. Зрываньне сойму зрабілася крыніцаю даходу для асобных шляхціцаў і рабіла немагчымым дзяржаўны парадак. Не дарма аб Рэчы Паспалітай таго часу злажылася пагаворка, што «Polska nirzadem stoi».

На чале выканаўчай улады стаіць кароль, з канца XVI сталецьця — выбраны. Ні кароль пры сваім жыцьці, ні сойм пры жыцьці караля ня можа намеціць яму наступніка. Гэтым забясьпечваецца поўная свабода шляхты пры абраньні караля. Сыстэматычна, пасьля сьмерці кожнага караля, пачыналася выбарнае бязладзьдзе, каторае цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. На часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, каторую звычайна займаў прымас арцыбіскуп Гнезьнянскі. Абірае караля так званы элекцыйны «выбарчы» сойм з усёй шляхтай; абраньне караля таксама павінна адбыцца аднагалосна. Правы польскага караля зусім нязначныя, яны больш падобны на абавязкі, чым на правы. Кароль мае права склікаць Вальны Сойм і назначаць тэрмін для яго пасяджэньня. Ад імя караля творыцца ў гаспадарстве суд. Кароль назначае на вышэйшыя ўрадавыя пасады; але пасады даюцца пажыцьцёва, і адабраць іх кароль можа з вялікаю цяжкасьцю і то толькі за якія-колечы політычныя праступствы. Кароль стаіць на чале шляхецкага апалчэньня, што фактычна перашло потым да кароннага гэтмана. Кароль вядзе зносіны з чужаземнымі дзяржавамі, пасылае і прымае паслоў. У сваёй чужаземнай політыцы ён адказвае перад Вальным Соймам. Кожнаму каралю перад яго абраньнем шляхта ставіла ўмовы, каторыя ён прымаў і падпісваў. Калі кароль парушаў якія-колечы з гэтых умоў, шляхта мела законнае права адмовіць яму ў паслушэнстве і парушыць даную яму прысягу на вернасьць. Усё жыццё караля было пад контролем. Нават такія прыватныя факты, як жаніцьба, развод, замежныя паездкі і г. д., былі падлеглы контролю сойму. Польскі кароль, седзячы на троне і носячы карону, быў хутчэй дажывотным прэзыдэнтам, чым каралём.