канягаю фурманкавую павіннасьць; ён правіць дарогі, грэблі і масты; ён саджае дрэва па грунтовых дарогах і па дарогах да маёнткаў. Усіх павіннасьцяй мужыка таго часу і не пералічыць. А тут яшчэ з году на год пачынае расьці мужыцкае малазямельле, а часам і безьзямельле. У некаторых мужыкоў ужо зусім няма зямлі, нават агародняй. Палажэньне такіх (як іх тады звалі) халупнікаў зусім дрэннае. Адным словам, цяжка жылося рэспубліканцу-мужыку ў Польскай рэспубліцы.
Палажэньне мяшчан было лепшае, чым сялянства. З XIV сталецьця мяшчане лічыліся пад асабістай абаронай караля і вядомага нам Майдэборскага права. Гэтая абарона давала гарадом нейкую незалежнасць ад шляхецкае клясы і пачаткі для разьвіцьця гарадзкога жыцьця. Па гарадох пачалася нават дамовая барацьба паміж соцыяльнымі групамі мястовага грамадзянства. Поруч са старымі органамі гарадзкога самакіравання, як, напрыклад, мястовая рада, вынікаюць новыя органы, як, напрыклад, комісіі 20-цёх, 30-цёх і г. д. Гэтыя новыя органы выніклі на грунце барацьбы прадстаўнікоў вялікага капіталу, з аднаго боку, і прадстаўнікоў дробнага капіталу і працы — з другога боку. Нізы места, часта нездаволеныя самаўладным кіраваньнем мястовай рады і бурмістра, патрабуюць прызнаньня контроля з свайго боку. Буйная буржуазія, патрыцыят места, баючыся опозыцыі, павінны йсьці на згоду з «пасольствам», з звычайным дробным людам. Вось, урэшце, і ўтвараюцца гэтыя як-бы контрольныя комісіі, палавіна каторых складаецца з патрыцыяў, багатых купцоў, цэхавых майстроў і палавіна «з пасольства», дробных гандляроў, прыказчыкаў, падмайстраў і другога дробнага люду.
Але з цягам часу гэтая дэмократызацыя ў гарадох павінна была прыпыніцца, бо ўсё жыцьцё навокала гарадоў ішло ў бок арыстократызацыі. Шляхта, каторая рабілася ўсемагутнаю ў цэлым гаспадарстве, не магла пакінуць без свайго ўплыву мястовага жыцьця. Ужо з палавіны XV сталецьця пачынае яна касаваць незалежнасць і самакіраваньне гарадоў. Пачынаюць зьнікаць з складу соймаў паслы ад гарадоў, мяшчане, каторыя маглі-б бараніць інтарэсы тых гарадзкіх груп, каторыя паслалі іх у сойм як сваіх прадстаўнікоў. Дзякуючы іх ухіленьню гарады губяць абарону сваіх інтарэсаў у законадаўчай дзяржаўнай установе. Ка-