ныя часы з сучаснымі яму, старых людзей — са сваімі сучасьнікамі і кажа, што раней было лепш. Раней гаспадары Літвы і Беларусі клапаціліся аб сваёй зямельцы, зьбіралі тэрыторыі і каштоўнасьці, сваю бацькаўшчыну мілавалі; іх памяць салодкая. Апошняга Літоўска-Беларускага гаспадара Зыгмунда II Аўгуста, каторы аддаў у няволю гаспадарства, аўтар ня можа лічыць нават за чалавека. Вось вынятак з гэтага твору:
«Прышло мне — з Вамі (пасламі Сойму) радзіці, а я на гэткіх зьездах ніколі ня бываў і з каралём, Яго Міласьцю, ніколі не засядаў; толькі за пакойнікаў Князёў нашых, каторыя каралявалі і што ваяводамі былі. Сэнтэнцый гэтых ня бывала, папросту правым сэрцам гаварылі. Політыкі ня зналі, а ў рот праўдаю, як солей у вочы, кідывалі. Скораж каралі больш немцаў, чым нас, улюбілі, зараз, што старыя нашыя сабралі, то ўсё нямцом раздалі. Нашыя гаспадары, проч Жыгімонта Аўгуста Караля (таго нечага і ў людзі лічыць), бо той Падлясьсе вынішчыў, Ляхам менючыся[1]. Але Жыгімонта Першага салодкая памяць яго, бо той немцаў, як сабак, ня любіў і ляхаў з іх хітрасьцю вельмі ня любіў. А Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў, і гаразда лепш нашыя за яго мяваліся»[2].
У тым, што Беларусь падпала пад польскі ўціск, вінаваты ня столькі каралі, колькі іх дарадчыкі, каторыя паддаліся польскаму ўплыву і інтарэсы Польшчы ставілі вышэй інтарэсаў Беларусі. «Ня вельмі вінаваты кароль, больш яго дарадчыкі, што пры ім сядзяць і круцяць. Многа тут гэткіх ёсць, што хоць і наша костка, аднак-жа сабачым мясам абрасла і ваняець».
Як відаць з вышэйпаданай «прамовы» Мялешкі, беларускія магнаты доўга не маглі згадзіцца са згубаю поўнай незалежнасьці і протэставалі, як маглі, проці той «несправядлівасці і крыўды», каторая была зроблена Люблінскай вуніяй. Можна думаць, што зьмест твору Мялешкі і яго опозыцыйны настрой быў блізкі да настрою даволі шырокіх колаў магнацтва канца XVI і пачатку XVII сталецьця.
Разам з абмежаваньнем політычнай незалежнасьці Люблінская вунія прыскорыла на Беларусі разьвіцьцё шляхецкіх прывілеяў у адносінах ня толькі да караля, але і да сялянства. Хутчэй стаў расьці панскі соцыяльны ўціск над мужыком. Ужо і ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі палажэньне сялянства было благім.