ад Польшчы прыгон і няволю, астаўшыся пры сваёй беларускай мове і нацыянальнасці. Забіты і загнаны, пастаўлены ў стан «быдла», ён забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасць ён захаваў. У яго цёмным розуме ўсё перапуталася і зьлілося. Пан, каталік і паляк — з аднаго боку; мужык і «тутэйшы» — з другога боку, сталі для яго розуму сынонімам. I да нашага часу астаўся гэты гістарычны перажытак, калі наш селянін лічыць, што пан, каталік і паляк — гэта ёсьць словы, каторыя называюць адну і тую катэгорыю.
Трэба зазначыць, што асобныя групы на Беларусі ў працягу данага пэрыоду не паддаваліся польскаму культурна-нацыянальнаму, рэлігійнаму і соцыяльнаму ўплыву. Завязалася нацыянальна-культурная і нацыянальна-соцыяльная барацьба. У барацьбе гэтай прынялі ўдзел так званыя царкоўныя брацтвы і казацтва. Брацтвы ўзялі на сябе заданьне быць павадырамі ў барацьбе нацыянальна-культурнай, а казацтва павяло з вялікаю энэргіяю нацыянальна-соцыяльную барацьбу. I тая і другая барацьба аслабляла гаспадарства Рэчы Паспалітай і вяла яго да гібелі.
БРАЦТВЫ НА БЕЛАРУСІ
Брацтвы ў сваім далёкім мінулым даходзяць аж да паганскіх часоў, яны маюць свой корань у старажытных звычаях, якія калісь існавалі ў быце рускіх славян. Яшчэ ў часы сівога політэістычнага паганства ў нашых прародзічаў быў звычай сьвяткаваць свае сьвяты грамадою. На сьвяты сьпяваліся сьпевы-малітвы, сьпевы-падзякі, вадзіліся хараводы, рабіліся ігрышчы. Гэтыя ігрышчы зьбіралі да сябе жыхароў ня толькі аднэй сялібы. Часта, як кажа і летапісец, ігрышчы былі «межю селы». Разумеецца, што гэтае сьвяткаваньне грамадою магло існаваць толькі тады, калі існавала нейкая грамадзянская організацыя, якая давала магчымасьць сьвяткаваць разам.
Калі прышло ў Полацкую Русь у свой час хрысьціянства, то яно не руйнавала паганства, а проста спаткалася з ім, як з фактам, і пачало паціху зжывацца і зьлівацца з ім. З новаю вераю да нашага продка прышлі новыя, нязнаныя дагэтуль багі: Хрыстос, Ільля, Улас, Ян, Мікола і г. д. Хутка гэтыя багі пачалі зьлівацца са старымі, добра вядомымі палачаніну багамі. Тое самае зрабілася і са сьвятамі. Сьвяты на пачэсту старых