паганскіх багоў пачалі зьлівацца з новымі хрысьціянскімі сьвятамі. Сьвята нараджэньня Хрыста зьлілося з сьвятам сонца — каляды, сьвята Яна — з сьвятам сонца — купалы, сьвята Ільлі — з сьвятам бога маланкі і грому — Пяруна і г. д. Усе гэтыя сьвяты ў новай рэлігіі адбываліся таксама пры грамадзе, як і раней. Як і раней, сьвяты павінны былі організавацца асобнымі таварыствамі. Гэтыя гурткі-таварыствы пачалі гуртавацца вакол парафіяльнай царквы і палажылі пачатак брацтвам. Брацтвы пачалі клапаціцца аб тым, каб у выдатнейшыя царкоўныя сьвяты з большаю пыхаю адбывалася набажэнства і каб усе сябры брацтва ў гэтыя дні былі на сьвяце. Рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, пасьля сходу варылася братчына, г. зн. мёд, якім і частаваліся як братчыкі, так і зазваныя на сьвята госьці. Воск, які заставаўся ад мёду, звычайна ці ахвяроўваўся на царкву, ці ішоў на ўтварэньне брацкіх царкоўных сьвечак. Па гарадох у брацтвы часам злучаліся цэхавыя, профэсыянальныя організацыі, каторыя мелі ня толькі рэлігійна-царкоўныя мэты, але і мэты сваёй профэсіі. У Вільні, напрыклад, з вельмі старажытных часоў было кушнэрскае брацтва, зьвязанае з цэхам, каторы вырабляў і гандляваў хутрамі (скурамі). Заснаваньне яго трэба аднесьці да першай палавіны XV сталецьця. Апроч яго былі яшчэ другія брацтвы: кажамякаў, шапачнікаў, сярмяжнікаў і нагавічнікаў. Апошнія чатыры профэсіі складалі адзін цэх і адно брацтва. Майдэборскае права беларускіх гарадоў давала шырокія магчымасьці для організацыі цэхавых брацтваў.
Такія організацыі былі і ў Заходняй Эўропе. Усім нам вядомае масонства вышла з такога профэсыянальна-царкоўнага таварыства.
Брацтвы пры цэрквах захаваліся на Беларусі па вёсках амаль што да нашага часу. Іх організацыя і мэты добра вядомы ўсім, хто ня згубіў зьвязку з сучаснай нам вёскай. Братчыкі плацяць у касу таварыства грошы ці даюць ахвяры, як, напрыклад, воск, лён, палатно і г. д. У час набажэнства братчыкі трымаюць у руках брацкія сьвечкі; у асобныя дні брацтва закупляе мшу[1], пасьля каторай робіцца брацкі абед. Калі хто з братчыкаў памірае, усе сябры брацтва павінны быць на хаўтурах. Адным словам, брацтвы, якія можна было спаткаць на вёсцы яшчэ перад апошняй вайной, мелі мэты, падобныя на мэты старажытных брацтваў.
- ↑ Мшу (царк.) — месу