працоўны люд. Па вёсках хадзілі якіясь невядомыя людзі, каторыя гаварылі, што іх паслаў сюды сам бацька-атаман Хмяльніцкі. Гаварылі яны, што польская шляхта хоча забіць караля, каторы стаіць на баку мужыкоў, што, забіўшы караля, шляхта пачне рэзаць мужыкоў, што казакі паднялі паўстаньне на абарону праў толькі адных мужыкоў. Пачалі зьяўляцца сьляпыя старцы-лірнікі, каторыя, сьпяваючы аб цяжкай, гаротнай долі селяніна, клікалі яго на змаганьне за волю і веру і нацыянальнасьць. Мужыкі радзіліся паміж сабою, гуртаваліся, бралі ў рукі сякеры, косы і йшлі ў лясы і балоты, каб адтуль рабіць напады на сваіх ворагаў. Зноў Беларусь запалілася полымем паўстаньня. Казацкія сілы расьлі. Паўстаньне пашыралася ня толькі па вёсках. Мяшчане, бачачы, што шляхта стаіць ім папярок дарогі, таксама прынялі ўдзел у паўстаньні. Паўсталі такія гарады: Слуцак, Быхаў, Чорнабыль, Магілеў, Рэчыца, Мазыр, Бабруйск і інш. Януш Радзівіл, сабраўшы войска, пачаў барацьбу з казацтвам і паўстаўшымі мужыкамі і мяшчанамі. Лічбовая перавага была за паўстанцамі, затое ў іх ня было добрай організацыі. Асобныя групы біліся кожная за сябе, ня ведаючы часам, што блізка ёсьць другія групы паўстанцаў. Хоць і з вялікаю патугаю, але Радзівіл справіўся з паўстаньнем. У яго рукі папалі ўсе гарады. Найбольш бараніліся Рэчыца і Мазыр. На чале паўстанцаў Мазыра стаяў казацкі палкоўнік Міхаленка. Некаторыя гарады хоць і здаліся палякам, але праз нейкі час зноў падымаліся на барацьбу. Так, напрыклад, падняўся Бабруйск. Мяшчане Бабруйску, бачачы, што для іх няма ўжо ратунку, парашылі здацца на міласьць палякаў. Тады правадыры паўстаньня, на чале каторых стаяў атаман Паддубіч, ведаючы, якія мукі іх чакаюць, заперліся ў сваіх хатах, падпалілі іх і згарэлі там разам з сем'ямі і супрацоўнікамі па паўстаньні.
Доўга ня мог гэтман Радзівіл спыніць паўстаньця. Сярод топкіх балот і густых непрыходных лясоў Беларусі доўга існавалі вялікія групы паўстаўшых мяшчан, мужыкоў і казакоў. Іх падтрымлівалі тыя мужыкі, каторыя ня выходзілі з вёсак і ня губілі сваёй легальнасьці; прысылаў ім дапамогу з суседняй Украіны й Хмяльніцкі. Часта гэтыя групы даходзілі да некалькіх тысяч людзей. Седзячы ў балотах, казакі організавалі напады на рэгулярнае польскае войска і рабілі вялікія збойствы па маёнтках ваколічнай шляхты.