Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/153

Гэта старонка была вычытаная

Але йшоў час, лік казакоў зьмяншаўся, панская сіла павялічылася, і рух казацкі на Беларусі спыніўся. Мужык, падняўшы раней сваю галаву, пачаўшы барацьбу за лепшую долю, зноў упрогся ў сваё ярмо.

К пачатку XVIII сталецьця Беларусь ужо не протэстуе. Вышэйшыя станы зрабіліся палякамі, ніжэйшыя станы, застаўшыся беларусамі, жывучы ў зьдзеку і ў паднявольнай працы, ведалі толькі адно, што яны тутэйшыя «хлопы», што «хлопскую» маюць яны мову і нацыю, што жывуць яны гаротным, цяжкім жыцьцём.

АГУЛЬНЫ ПОЛІТЫЧНЫ АБГЛЯД

Люблінская вунія 1569 году, як мы ведаем, далучыла Літву і Беларусь у склад Рэчы Паспалітай Польскай. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было перастаць існаваць незалежна. З гэтага часу Беларусь жыве адным політычным жыцьцём з Польшчаю.

Праз тры гады пасьля Люблінскай вуніі памёр апошні кароль з дому Ягайлавага, Зыгмунд II Аўгуст. Гэта быў разам з тым і апошні насьледны кароль. З 1572 году пачалася эпоха выбраных соймам каралёў. Каралеўская ўлада часта перарываецца бескаралеўямі, каторыя цягнуцца ад сьмерці аднаго караля да абраньня яго заступніка. Бескаралёўі цягнуцца часам цэлыя гады і наносяць вялікую шкоду гаспадарству, аслабляючы цэнтральную дзяржаўную ўладу.

На першы пачатак бескаралёўе цягнулася больш году. Запоўнена яно політычным бязладзьдзем і анархіяй. Шляхта разьбілася на некалькі партый, змагаючыся адна з другою наўкола пытаньня аб каралі. Кожная з партый дамагалася здабыць каралеўскую карону свайму кандыдату. Найбольш вядомымі і популярнымі з кандыдатаў на польскі каралеўскі пасад былі такія: Фёдар царэвіч Маскоўскі, сын Івана IV Грознага, Эрнэст прынц Аўстрыйскі і Гэнрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара складалася з літвіноў і беларусаў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным наконт Фёдара не далі нічога. Палякі патрабавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар «не красная девица», што пасагу яму не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі ўцекачы з Масквы — Курбскі, Цяцерын,