соймам бяз усякіх спрэчак у адным пасяджэньні, што сьведчыць аб высокім пад'ёме патрыотычнага настрою паслоў сойму.
Па новай констытуцыі прапанаваўся такі строй Рэчы Паспалітай. Законадаўчая ўлада належыць да двухпалатнага, пастаяннага сойму, каторы абіраецца на два гады. Выканаўчую ўладу мае кароль, ня выбраны, як гэта было раней, а насьледны. Пастановы ў абедзьвюх палатах сойму ўхваляюцца не аднагалосна, а большасьцю галасоў, дзякуючы чаму высоўваецца стары звычай liberum weto. Міністры нясуць адказнасьць перад соймам. Касавалася таксама права шляхты на ўтварэньне вольных конфэдэрацый. Шляхта, як і раней, лічылася пануючым станам у дзяржаве. Мяшчане дасталі права пасылаць у сойм сваіх паслоў. Апроч таго, яны атрымалі права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і праз зямляўласьніцтва збліжацца соцыяльна і політычна з шляхтаю. Буржуазія, такім спосабам, дастала нейкае права, што адпавядала запытаньням таго часу. Але палажэньне сялян зусім не зьмянілася. Прыгон астаўся, як і раней, ва ўсёй моцы. Толькі і было новага, што пану давалася магчымасьць вызваляць мужыка ад прыгону і паляпшаць яго жыцьцё, калі на тое была яго добрая воля і панская ласка. Абвешчана была свабода веры, аднак-жа за каталіцтвам пакідалася палажэньне пануючай у гаспадарстве веры. Констытуцыя, апроч таго, абвясьціла поўнае зьліцьцё Польшчы і Літоўска-Беларускага гаспадарства ў адзіны і непадзельны організм.
Як мы бачым, новая польская констытуцыя ўтварылася пад уплывам вялікай францускай рэволюцыі. Праўда, яна вельмі далёка адышлася ад буржуазных яе запатрабаваньняў у бок старога фэўдалізму. Але і такая констытуцыя была не па густу звычайнай шляхецкай масе. Скора шляхта для абароны сваіх парушаных констытуцыяй старых вольнасьцяй злажыла Тарговіцкую конфэдэрацыю, на чале каторай сталі Шчэнсны-Патоцкі, Браніцкі, Ржэвускі, Ажароўскі і інш. Яны, згаварыўшыся яшчэ раней з рускім урадам, зьвярнуліся да царыцы Катарыны з заяваю, што яна, на аснове пастановы сойму 1768 году, павінна абараняць стары строй Рэчы Паспалітай. Разумеецца, рускія войскі ня прымусілі сябе доўга чакаць. Яны падтрымалі конфэдэратаў і занялі Варшаву. Прускі кароль з свайго боку, як-бы для спыненьня польскага бяз-