Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/20

Гэта старонка была вычытаная

ПРАДМОВА ДА 4-га ВЫДАНЬНЯ

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі зьявіўся першы раз у друку ў цяжкія часы бела-польскай окупацыі, у 1919 годзе. «Нарыс» злажыўся з лекцый, якія аўтарам чыталіся для настаўнікаў пачатковых школ Меншчыны. Польская цэнзура выкасавала каля трэцяй часткі рукапісу, і кніжка вышла з друку скарочанаю і папсованаю. Копіі рукапісу ў аўтара не асталося; аўтэнтык польскі «wydzial prasy» з друкарні забраў сабе. Ня гледзячы на «zezwolenie» цэнзуры, окупацыйны ўрад праз нейкі час хапіўся і даў загад конфіскаваць кніжку. Студэнтам Пэдагогічнага Менскага інстытуту ўдалося забраць каля тысячы экзэмпляраў, а дзьве тысячы конфіскована. Гэтыя дзьве тысячы «Нарысу» белапалякі, уцякаючы з Менску летам 1920 г., кінулі, і, такім спосабам, з перамогаю Кастрычніка, «Нарыс» вышаў на сьвет з поліцэйскай каморы.

У 1921 годзе вышлі два выданьні «Нарысу». Другое выданьне бяз ведама аўтара вышла ў Вільні. Нам невядома, як яно вышла, але на кніжцы няма цэнзурнай паметкі «z zezwolenia władz». Другое выданьне зьяўляецца перадрукам з першага выданьня без перамен.

Трэцяе выданьне «Нарысу» вышла ў Менску, ужо вольным ад белапалякаў, крыху пазьней за другое, бо аўтар унёс у «Нарыс» некаторыя папраўкі, на што патрэбен быў час. Такім спосабам, 3-е выданьне вышла ў сьвет крыху папраўленым і дапоўненым.

Попыт на кніжку не прыпыніўся й цяпер. Па пропозыцыі Дзяржаўнага Выдавецтва аўтар ящчэ раз пераглядзеў кніжку, унёс у яе тое, што дала навука аб Беларусі за апошнія гады, і пусьціў яе ў людзі.

Аўтар выказвае шчырую падзяку т-шу Я. Лёсіку, каторы згадзіўся ўзяць на сябе працу падабраць адпаведныя малюнкі да тэксту кніжкі. Дзякуючы гэтай працы чацьвертае выданьне кніжкі будзе ілюстраваным.

У. ІГНАТОЎСКІ.