ПРАДМОВА ДА 5-ГА ВЫДАННЯ
Перавыданне нарыса па гісторыі Беларусі Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага з’яўляецца падзеяй у беларускай гістарыяграфіі. Да нас вяртаюцца з нябыту імёны і раней забароненыя творы гісторыкаў. Тым самым мы знаёмімся з «белымі плямамі», якія яшчэ існуюць у гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі. Мы можам цяпер азнаёміцца з працэсам утварэння беларускай гістарыяграфіі ў першай чвэрці XX стагоддзя, працэсам неадназначным і супярэчным, калі суіснавалі розныя погляды на гістарычныя падзеі і гістарычны працэс, калі ўводзіліся марксісцкія характарыстыкі падзей, калі кіруючыя партыйныя органы рэспублікі дыктавалі, як належыць пісаць гісторыю, і вызначалі, што і як трэба пісаць, калі людзі, вельмі далёкія ад навукі, добра ведалі, як яны лічылі, што патрабаваць ад гісторыка і якую характарыстыку яму і ягоным навуковым працам можна даць.
У гэты час жыў і дзейнічаў прафесар Ус. М. Ігнатоўскі (19.4.1881—4.2.1931). Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі не дажыў да 50 год. Ён загінуў у выніку распачатай сталінскім кіраўніцтвам партыі бальшавікоў і партыйным кіраўніцтвам на Беларусі барацьбы супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Барацьба гэта вялася супраць так званых «нацдэмаў» (нацыянал-дэмакратаў), да якіх залічаліся і беспартыйныя і камуністы, адданыя нацыянальнай справе, справе беларускага нацыянальнага адраджэння. Творы Ус. М. Ігнатоўскага былі забаронены для агульнага карыстання і знаходзіліся ў аддзелах спецсхова дзяржаўных бібліятэк або былі знішчаны. Сярод ягоных твораў найбольш важнае значэнне маюць «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (1-е выд., 1919 г.; 2-е і 3-е выд., 1921 г.; 4-е выд., 1926 г.), «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця» (2-е выд., 1926 г.; 3-е выд., 1928 г.) і «1863 год на Беларусі» (1930 г.). Менавіта ў гэтых творах найбольш яскрава вызначаны і раскрыты асноўныя гістарычныя погляды Ус. Ігнатоўскага, ягоны марксісцкі падыход да аналізу гістарычных падзей.
Ус. М. Ігнатоўскі нарадзіўся ў вёсцы Такары Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён) Гродзенскай губерні ў беднай сям’і народнага настаўніка. Пасля бацька стаўся праваслаўным святаром. Усевалад Ігнатоўскі вучыўся ў Віленскай гімназіі, адкуль быў выключаны за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях моладзі. Працягваў вучобу ён у