Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/37

Гэта старонка была вычытаная

кіеўскіх Яраславічаў. Пакрыўджаны вечам ноўгарадзкі князь мог знайсьці сабе дапамогу ад сваіх кіеўскіх родзічаў і ад кіеўскага вялікага князя, каторы быў найстаршым у родзе і павінен быў бараніць малодшых сваіх родзічаў. Што датычыць да полацкіх князёў, то яны нікому ніколі не маглі паскардзіцца на сваю крыўду. Жылі яны асобным ад кіеўскіх князёў жыцьцём і нават найчасьцей былі ў спрэчках з імі. Згубіўшы па якіх-колечы прычынах свой пасад у Полацкай воласьці, князь павінен быў бегчы на чужую старану, да чужых людзей. Такою стараною звычайна была суседняя Літва. Трэба ўсё-ж такі сказаць, што полацкія князі ўмелі зжывацца з полацкім насяленьнем, былі популярнымі ў Полацку, і палачане падтрымлівалі род сваіх князёў Ізяславічаў і баранілі іх, а разам з імі і сябе, ад крыўды князёў чужога роду, напрыклад Яраславічаў Кіеўскіх.

Полацак быў найгалоўнейшым горадам у воласьці. Усе другія гарады яе былі залежны ад Полацку і лічыліся яго прыгарадамі. Такімі прыгарадамі былі, напрыклад, Менск, Віцебск, Барысаў, Стрэжаў, Усьвят, Друцк і др. Гэтая залежнасьць адносілася толькі да надворных спраў. У сваіх хатніх справах усе прыгарады былі незалежнымі і кіраваліся сваімі вечамі і князямі.

ЗМАГАНЬНЕ ПОЛАЧЧЫНЫ З КІЕЎШЧЫНАЙ

Больш-менш каля часу закліку ў Ноўгарадзкую Русь варагаў (862) Полаччына мела сваіх мясцовых князёў, аб каторых успамінае адна з скандынаўскіх сагаў, Адмундава сага. Гэтых князёў назваць па іменьнях мы ня маем магчымасьці. Вядома, што ўжо ў тыя старыя часы былі нейкія непаразуменьні паміж Полацкім і Кіеўскім цэнтрамі. Хутка пасьля закліку князёў варагі-норманы Аскольд і Дзір, родзічы прышлых з поўначы князёў — Рурыка, Сінявуса і Трувара — захапілі ўладу ў Кіеве. Абсеўшыся тут, яны адразу ўвашлі ў мясцовыя інтарэсы і сталі ў варожыя адносіны да Полацкай Русі. У Ніканаўскім летапісе мы чытаем: «Аскольд і Дір воеваша Полочан і многае зло ім сотворіша».

Чым была выклікана вайна паміж Кіеўскім і Полацкім гандлёвымі цэнтрамі, мы ня ведаем. Відаць толькі, што Полаччына ад гэтае вайны шмат пацярпела ўбыткаў.

Аскольд і Дзір доўга ў Кіеве ня выседзелі. Рад