Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/44

Гэта старонка была вычытаная

ноў Полаччыны. Большая частка іх палягла тут, як снапы на полі, і не вярнуліся яны да хат сваіх. Усяслаў быў разьбіты. Але не малыя былі страты і кіеўскіх Яраславічаў. Замест таго, каб скарыстаць перамогу і гнаць далей разьбітых палачан, яны павінны былі праз нейкі час зазваць да сябе Усяслава, каб зрабіць з ім згоду. Усяслаў з двума сынамі і невялікаю дружынаю прышоў у кіеўскі лягэр, не спадзяючыся, што паўднёвыя князі ўмысьлілі злачынства. Яны схапілі яго і сыноў, закавалі іх у моцныя кайданы і адвязьлі ў палон у Кіеў. Смутна было на сэрцы палоннага князя, каторы сядзеў у ланцугох у кіеўскім парубе пад вялікакняжацкімі палацамі. Яго цягнула ў Полаччыну, якая была месцам яго працы. Не дарма гаворыць пясьняр слова аб Ігаравым палку, што Усяслаў, седзячы ў турме, чуе званы, якія звоняць на завутраню ў царкве сьв. Сафіі ў Полацку.

Але нядоўга таміўся гэты чарадзей-князь у парубе. Яго чары, істота каторых была ў яго популярнасьці, былі мацнейшымі ад ланцугоў і праз моцныя сьцены турмы йшлі па Кіеве да кіеўскага народу. Небясьпечным быў полацкі палоньнік для даволі слабага і бязьдзейнага кіеўскага князя.

На другі год палону Ўсяслава кіеўскі князь Ізяслаў павінен быў сьпешна йсьці паходам на вандроўнікаў полаўцаў, каторыя пачалі руйнаваць паўднёвыя землі Кіеўскай Русі. Полаўцы разьбілі войскі князя, і ён з ганьбаю вярнуўся дадому. Абураныя кіеўляне падняліся проціў свайго князя, прагналі яго, вызвалілі з парубу князя-чарадзея і запрасілі яго на кіеўскі пасад замест Ізяслава, нарушыўшы, такім спосабам, традыцыю замяшчэньня кіеўскага пасаду Яраславічамі.

Здаецца, чаго больш было жадаць Усяславу. З сумнай турмы падняўся ён на «златакованы» кіеўскі вялікакняжацкі пасад, на той самы пасад, які быў так пажаданы для кожнага з паўднёвых князёў Яраславічаў. Навокала была пашана і багацьце; паўднёвая прырода давала свае падарункі, якіх немагчыма параўнаць з падарункамі прыроды Полаччыны. Так ось — не! Як і раней у парубе, звалі Усяслава званы, якія званілі ў сьв. Сафіі ў Полацку. І моцна, відаць, званілі яны ў галаве князя Полаччыны, калі ён толькі сем месяцаў здолеў выседзець на «залатым» кіеўскім стале. Цягнула яго да сябе далёкая Полаччына, пакрытая смугою-туманамі балот, але блізкая яму на тэй працы, якую ён