Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/47

Гэта старонка была вычытаная

тысячамі гналі на нявольніцкія рынкі і гандлявалі гэтым жывым таварам як у Рускай зямлі, так і ў далёкай Азіі. Нявольнічы гандаль пашырыўся. Ад яго карысталіся як прышлыя князі, так і мясцовыя капіталістыя[1], інтарэсы каторых супалі з інтарэсамі князёў. Такім спосабам, мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная політычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысьць, руйнавалі Полацкі край.

Але часам прыходзіць канец і цярплівасьці працоўных мас. Так на гэты раз сталася і ў Полаччыне. У 1132 годзе, як кажа летапіс, разгарэлася народная помста. Паднялося шырока паўстаньне, каторае ахапіла вялікія народныя масы. Народ выгнаў прышлых князёў і іх мясцовых прыхільнікаў. За гэтым у Полацку сабралася веча і вынесла пастанову, каб зьвярнуць на бацькаўшчыну выгнаных кіеўскімі князьмі дзедзічаў полацкага пасаду, Рагвалодавых унукаў Ізяславічаў. Мабыць добры ўспамінак застаўся ў народных масах аб сваіх былых князёх, калі ў цяжкі час жыцьця думалі яны аб іх і зьвярнуліся да іх, каб адбудаваць заняпалае гаспадарства.

Выкліканыя народным рухам і вечам, вярнуліся Ізяславічы на Полацкую Русь. Год каля пяцідзесяцёх (ад 1132 да 1180) зноў кіравалі ў Полацкай воласьці Рагвалодавы ўнукі.

З князёў гэтага часу трэба адзначыць унука чарадзея Усяслава, Васілька Рагвалодавіча, і яго сына — Усяслава Васільковіча. Заціхлі дамовыя войны і спрэчкі. Край пачаў ажываць, народ зноў прыняўся за працу. Прыпыніліся і паходы з Кіеўшчыны; Кіеўская воласьць не пасылала больш на Полаччыну сваіх каршуноў за здабыткам. Ёй было цяпер не да паходаў. Там настаў час асаблівага ўціску паўднёвых вандроўнікаў полаўцаў, і ўсе сілы Кіеўшчыны павінны былі адцягнуцца на поўдзень. Не прыпыніліся там адначасна і хатнія спрэчкі паміж асобнымі валасьцямі й князьмі. Ад гэтых бед беглі людзі з Кіеўшчыны — хто ў Полаччыну, хто ў Ноўгарадзкія землі, хто на паўночны ўсход, у Растова-Суздальскую тэрыторыю. Асабліва многа народу пашло на паўночны ўсход. Першымі сталі асядаць там некаторыя з кіеўскіх князёў, якія шукалі спакайнейшага месца. Ужо Уладзімер Манамах быў адным з такіх князёў. Князі затрымоўваюць тут уцекачоў з Кіеўшчыны, організуюць іх як экономічна, так і політычна. Утвараюцца новыя адносіны паміж

  1. Капіталістыя — купцы, ліхвяры.