Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/61

Гэта старонка была вычытаная

ДРУГІ ПЭРЫОД ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

(XIII—XVI ст.)

Полацкая Русь за ўвесь час свайго папярэдняга існавання вяла амаль што не бесьперарыўную барацьбу з Русью Кіеўскай. Барацьба была ўпартая і крывавая. На яе трацілася шмат сілы і коштаў, гінулі людзі, жывёлы і маемасьць. Руйнавалася ў змаганьні ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У дамовым жыцьці тэрыторыі паступова вынікла і разгарэлася змаганьне дзьвюх соцыяльных кляс грамадзянства: на адным баку стаяла невялікая, але моцная група людзей лепшых, экономічнай і політычнай арыстократыі; проціў іх на другім баку выступала вялікая, але неорганізованая маса подлых, нізшых людзей працоўнай беднаты. Гэтае змаганьне таксама руйнуе экономічнае і політычнае палажэньне краю.

Да ўсяго гэтага трэба яшчэ дадаць, што пашла барацьба гарадоў паміж сабою, гарадоў з прыгарадамі; барацьба валасьцей і князёў паміж сабою і валасных князёў з вечамі. Стала цяжка жыць у Полаччыне, пачынаецца эміграцыя з краю. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоў жыцьця ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю як з некага гіблага месца. Эміграцыя пачала яшчэ больш пустошыць і нішчыць край. Эміграцыя йдзе ўва ўсе бакі і найчасьцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць у Літву прадстаўнікі розных груп грамадзянства. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць у заходнія лясы і балоты прыгнечаная бедната. Асабліва многа ўцякае рабоў, каторыя ў уцёках знаходзяць магчымасьць атрымаць волю. Капітал, баючыся выбухаў народнай помсты, таксама йдзе пэўным крокам у непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць часам і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князем родзічам, ці князем, прышлым з Кіеўшчыны. Абжыўшыся ў Літве і набраўшы ў сваю дружыну новыя сілы з літвінаў, вяртаецца гэты пакрыўджаны" князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад тое, што ў яго адабралі. Сувязь полацкіх князёў з Літвою ў канцы XII і пачатку XIII