Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/67

Гэта старонка была вычытаная

нейкага паважанага ў літвінаў жраца ці валхва, чым агульную назву асобы, меўшай такую вялікую моц і ўладу. Што датычыць падвойнай назвы «Крыве-Крывейта», то яе ў Пётры Дюсбурскага зусім няма; апроч таго, яна і немагчыма ў літоўскай мове, каторая наогул ня ведае такіх падвойнасьцяй. Параўнаўшы з паданьнем кронікі П. Дюсбурскага ўсе другія весткі аб літвінах таго часу, мы можам пэўна сказаць, што да пачатку XIII сталецьця ў Літве ня было і не магло быць адзінай дзяржаўнай улады. Зьмест паданьня аб Крыве-Крывейце ня можа быць пагоджаны з абставінамі жыцьця літвінаў таго часу.

АБ’ЯДНАНЬНЕ ЛІТВЫ

У канцы XII і ў пачатку XIII сталецьця сярод літвінскіх пляменьняў, раскіданых сярод лясоў і балот, пачынаецца нейкі концэнтрацыйны рух. Калі мы ўглядаемся, што вызвала гэты рух, то пабачым, што ён вынік як адказ на той уціск, каторы рыхтуецца ў гэты час на Літву з паўдня і ўсходу. Водлуг вестак рускіх летапісаў, на працягу XII сталецьця і раней на Літву йдуць досыць частыя паходы паўднёва-рускіх князёў. Так, напрыклад, вядома, што ўжо Ўладзімір Кіеўскі (так званы сьвяты) ня раз рабіў паходы на ятвягаў і некалькі раз перамагаў іх. Адзін з сыноў Уладзімера, добра вядомы Яраслаў Мудры, таксама не адзін раз хадзіў паходамі на Літву, карыстаючыся з неорганізованасьці яе насельнікаў. Для стратэгічных мэт, каб мець апорны пункт пры наступе ў Літву, Яраслаў пабудаваў на мяжы Літвы з Русьсю горад, каторы назваў Наваградкам. Асабліва, многа паходаў на тэрыторыю Літвы рабілі галіцка-валынскія князі.

Бліжэйшыя суседзі літвінаў на ўсходзе, палачане і іх князі, таксама ня раз урываліся ў зямлю літвінаў. Такая паступовая політыка была ў тыя часы, калі Полаччына была моцная і не разрывалася на кавалкі ад хатніх політычных і соцыяльных спрэчак, напрыклад пры Ўсяславе Чарадзеі. Але калі Полаччына аслабла ад бесьперарыўнага змаганьня з Кіеўшчынай і ад таго бязладзьдзя, якое ў ёй пачалося пасьля Ўсяслава, то, разумеецца, адносіны яе да Літвы сталі зусім іншымі. Наступ на захад павінен быў прыпыніцца. Асобныя князі і прадстаўнікі варожых у Полаччыне груп грамадзянства, пры павароце шчасьця не на іх