Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/72

Гэта старонка была вычытаная

сьціснуты сваімі суседзямі. З аднаго боку, з усходу, напіралі на іх рускія славяне, с другога боку, з захаду, ішоў гвалтоўны нямецкі ўціск. Літоўцам, у адказ на гэты двухбочны націск, прышлося гуртавацца. Раней яны гуртуюцца ў ваенныя сувязі, пазьней з гэтых сувязяў вынікае грамадзянская і дзяржаўная організацыя. Організуючы адпор сваім заходнім і ўсходнім суседзям, літвіны падаліся некалькі на ўсход, бо славяне былі слабейшыя ад немцаў: літвіны рушыліся ў бок меншага супраціўленьня. Спаткаўшыся з полацкімі славянамі ўжо на славянскай тэрыторыі, літвіны аказаліся з політычна-організацыйнага боку мацнейшымі і пачалі творчую працу ў Полаччыне. Так пачаўся пэрыод супольнага жыцьця ў адным гаспадарстве літвінаў і Полацкай Русі, пэрыод Літоўска-Беларускага гаспадарства.

БУДАВАНЬНЕ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ Ў XII СТАЛЕЦЬЦІ

У другой чэцьверці XIII сталецьця, больш-менш каля часу злучэньня двух нямецкіх ордэнаў, летапісы часта пачынаюць гаварыць і выдзяляць з другіх літоўскіх кунігасаў аднаго кунігаса Мэндаўга. Яны яго адзначаюць як мацнейшага і заможнейшага ад усіх літвінскіх князёў. На падставе летапісных даных мы можам судзіць, што ён ужо ад свайго бацькі Рынгольта атрымаў значныя сілы для барацьбы з сваімі супернікамі. Пад 1236 годам у Валынскім летапісе Мэндаўг ужо лічыцца галоўным князем і прадстаўніком інтарэсаў усёй Літвы. Ліўземская кроніка, апісваючы на сваіх радкох пад 1244 годам адзін з многіх наскокаў літвінаў на лівонскіх рыцараў-крыжакоў, гаворыць, што зямлю лівонскую зусім спустошыла літоўскае войска, якое налічвала ў сваім складзе да 30 тысяч чалавек, і што на чале яго стаяў Мэндаўг, «магутны кароль літоўскі». Гэтыя частыя паўторныя весткі летапісаў і кронік трэба разумець так, што Мэндаўг быў проста старшым над кунігасамі і меў пяршынства ў некаторых ваяўніцкіх справах. Адначасна з гэтым мы бачым, што малодшыя князі далёка яшчэ ня згубілі сваёй незалежнасці. Летапісы адзначаюць ня раз, што кунігасы маюць поўную магчымасць вясьці сваю асобную політыку як у ваяўніцкіх, так і ў грамадзянскіх справах. Так, напрыклад, вядома, што ў 1246 годзе,