кага князя, але і сярод грамадзянства. Дзяржаўныя пастановы выдаюцца раней ў дзьвюх мовах, а потым амаль што выключна ў беларускай мове. Гаспадар, лічачы сябе літвінам па нацыі, прызнаваў, што ён, як дзяржавец, ёсьць прадстаўнік тэй і другой нацыі. У офіцыйных граматах і ў зносінах з суседнімі народамі ён называе сябе царом літвінаў і русінаў (rex Litvinorum Ruthenorumque). Іначай і быць не магло, бо дзьве трэція часткі яго зямель былі беларускія.
Ня гледзячы на тое, што ў літвінаў была вера паганская, а ў беларусаў усходня-славянская[1], абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасць. Да якой-бы веры хто ні належаў, ён служыць аднаму богу. Гэдымін, адказваючы на адну з пропозыцый рымскага папы, у сваёй грамаце так піша аб гэтым: «Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры, русінам — па іх звычаі, паляком — па іх. А мы, літвіны, будзем маліцца па нашым звычаі, бо ўсе мы паважаем аднаго бога». Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што літвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV сталецьця больш як 50 літвінскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элементаў, як паганская вера; аб гэтым жа сьведчыць і польскі вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то літвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, нават іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую.
Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад таго, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудована больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго існаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянстве йшла клясавая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго, ня было забясьпечаньня ад хатняй калатні паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэтае прыводзіла да таго, што не існавала ў Полаччыне ніякіх перашкод для новага концэнтрацыйнага руху, каторы йшоў збоку Літвы і яе гаспадара. Асобныя воласьці і гарады самахоць прызналі новую ўладу і глядзелі на яе як на пажаданую ўладу.
- ↑ Тут памылка друку. Трэба чытаць замест «усходня-славянская» — «усходнехрысціанская».