можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Наадварот, літоўская ўлада за ранейшы час магла пераканацца, што каталіцтва якраз было тэю сьцежкаю, катораю ішлі політычныя жаданьні немцаў. Гэдымін рэзка адхіліў пропозыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў паслонцом папы так: «Калі я меў намеры калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне сам чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку, але я гэта сказаў дзеля таго, што папа старэйшы ад мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых ад мяне люблю, як сыноў. На самай справе я гаварыў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры, русінам — па іх звычаі, палякам — па іх. Саміж мы будзем маліцца богу па нашым звычаі, бо ўсе мы вызнаём аднаго бога». Барацьба з крыжакамі пры Гэдыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі раз літвінам удавалася браць над імі верх, але, наогул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. Крыжакі мелі ўжо агнястрэльную зброю, якой яшчэ ня ведалі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве. У барацьбе з крыжакамі загіб і сам Гэдымін. Пад 1341 годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гэдымін загінуў пры абароне аднэй літоўскай крэпасьці, паранены крыжацкаю куляю.
У часы Альгэрда і Кэйстута амаль што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кэйстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы замест вялікіх паходаў робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны літвіны чакаць неспадзяванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя, на добрых конях урываюцца раптам у сумежныя з ордэнскімі літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б'юць жыхароў альбо бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы быдла і цягнуць маёмасьць. Часам у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 год князяваньня Альгэрда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля сотні такіх паходаў збоку немцаў і трыццаці паходаў збоку Літоўска-Беларускага гаспадарства. Крыжакі мелі звычай рабіць больш дробныя рэйзы, але затое часьцей.
Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы, і Літва на