хацела пасадзіць на пасад старэйшую дачку Марылю, которая ў гэты час была ўжо жонкаю Зыгмунда, маркграпа Брандэнбурскага. Людовік яшчэ пры сваім жыцьці пажаніў іх і па згодзе з польскімі магнатамі аставіў у спадчыну Зыгмунду польскі каралеўскі пасад. Зьвязак польскага пасаду з моцным Брандэнбургам ужо даўно не падабаўся польскаму вышэйшаму панству, бо, дзякуючы гэтаму зьвязку, кароль мог аперціся ў асобных выпадках на Брандэнбург і трымаць сябе даволі незалежна ад паноў, каторыя хацелі ўзяць яго ў свае рукі. Зразумела, што і цяпер паны не згаджаліся абраць на пасад Зыгмунда, які быў небясьпечны для іх з гэтага боку. Дзеля ўсяго гэтага ўжо два гады цягнулася бескаралеўе, каторае ўносіла бязладзьдзе ў жыцьцё Польскага гаспадарства. Трэба было выйсьці з такога палажэньня. І вось у 1384 годзе паміж фаміліяй памёршага караля і польскімі панамі была зроблена згода. Маці-каралева пасьля доўгіх перагавораў згадзілася аддаць на польскі пасад малодшую дачку Ядвігу, 13 год. Было зразумела, што Ядвіга не магла сама кіраваць гаспадарствам, тым больш, што Польшчы, як і Літве, цяжка прыходзілася ад крыжакоў. Трэба было знайсьці такога чалавека для Ядвігі, каторы быў-бы ня столькі прыемным для яе, колькі карысным для Польшчы. Ягайла, літоўска-беларускі гаспадар, якраз надаваўся для гэтай мэты: перш ад усяго, Літве пагражаў экономічна і політычна той самы вораг, што і Польшчы, апроч таго, хатнія спрэчкі ў Літве за ўладу рабілі Ягайлу больш згаворлівым з польскімі панамі. Апроч гэтых думак экономічнага і надворна-політычнага кірунку польскія паны трымаліся і сваіх клясавых інтарэсаў. Яны былі перакананы ў тым, што Ягайла ў падзяку ім за сваё абраньне пашырыць правы і прывілеі. Духавенства таксама спадзявалася, што шлюб Ядвігі з Ягайлам пашырыць і рэлігійна-політычны ўплыў на Літву і павялічыць іх даходы новаю дзесяцінаю, якую яны атрымаюць з хрышчонай Літвы. І тыя і другія не абмыліліся.
Ягайла ў 1385 годзе атрымаў з Польшчы пропозыцыю наконт шлюбу з Ядвігаю і злучэньня з Польшчаю. З якою ахвотаю ён адгукнуўся на гэтую пропозыцыю, відаць з тых абавязкаў, якія налажыў ён на сябе і на сваё гаспадарства. На нарадзе польскіх паслоў у Крэве ён абавязаўся прыняць каталіцкую веру з сваімі братамі, сваякамі, народам літоўскім, знатным і прос-