Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/90

Гэта старонка была вычытаная

рабілася разам з Польшчаю адным політычным, дзяржаўным організмам. Недарма пасьля вуніі ўсе літоўска-беларускія князі павінны былі прыняць прысягу на вернасьць кароне Польскай, і літоўска-беларускія баяры-каталікі атрымалі такія самыя правы, якія былі ў польскіх паноў.

Так стаяла справа з юрыдычнага боку. Але фактычна далёка не заўсёды бывае тое, што пішацца ў юрыдычных актах. Так было і тут. Вунія была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці. Праўда, ужо адчыняецца шлях для політычнага польскага і рэлігійнага каталіцкага ўплыву, але фундаментальнай зьмены жыцьця ўраз ня будзе. Літва і Беларусь доўга яшчэ, аж да другой паловы XVI сталецьця, будуць жыць сваім асабістым жыцьцём, баронячыся ад пачаўшагася ўплыву. Кірунак жыцьця пасьля вуніі 1386 году застаецца той самы, які быў і да гэтага году. Пэрыод Літоўска-Беларускай дзяржавы ў гісторыі Беларусі не перарываецца.

Калі мы паглядзім на далейшае дзяржаўна-політычнае жыцьцё Літвы і Беларусі, то пабачым, што самастойнасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386 году фактычна ня была згублена. За прыкладам далёка йсьці ня трэба, даволі пазнаёміцца па якім-колечы падручніку з кіраваньнем Вітаўта, каторы быў асобным вялікім князем Літвы і Беларусі (1392—1430), ня гледзячы на ўмовы вуніі. Кіраваў ён зусім незалежна ад Ягайлы, караля польскага. І толькі інтрыгі збоку Польшчы не далі яму магчымасьці каранавацца і зрабіцца літоўска-беларускім каралём. Нямецкі імпэратар паслаў карону Вітаўту, але гэтая карона да яго не дашла. Летапіс так апісвае гэтую падзею: «І ляхове, ня жычыўшы кароны Літве, карону ад іх (паслоў імпэратара) тую адабраўшы і расьсекшы яе на полы, прыложылі ко коруне біскупа кракоўскага, каторая і цяпер пры замку ў касьцёле сьв. Станіслава ёсьць».

І ў далейшыя часы мы бачым, што Літва і Беларусь маюць часта сваіх асобных вялікіх князёў, што ідзе супроць вуніі 1386 году. Ніжэйпаданая сынхроністычная табліца дасьць патрэбныя для нас прыклады.

Як можна бачыць з гэтай табліцы, толькі паступова і з цягам часу Літоўска-Беларускае вялікае княства губіць сваіх асобных гаспадароў. Гэта паказвае, што вунія 1386 году толькі адчыніла шырэй дарогу для