слаў. З граматы відна, што абодва гаспадары абяцаюцца дапамагаць і шанаваць адзін другога. Аляксандр Літоўска-Беларускі ў сваёй грамаце піша: «А хто мне вораг, то і яму (маскоўскаму гаспадару) вораг. А хто будзе яму друг, то і мне друг, хто будзе яму вораг, то і мне вораг». Каб згоду, утвораную з Маскоўскім гаспадарствам, зрабіць пэўнаю і моцнаю, Аляксандр заслаў сваіх сватоў да Іванавай дачкі Галены, з каторай потым і ажаніўся. Але і гэтая брачная сувязь не зрабіла згоды моцнаю.
Праходзіць нейкі час, і ў аднэй з сваіх грамат Аляксандр не назваў Івана III гаспадаром усяе Русі. Тады, абураны парушэньнем сваіх імперыялістычных праў, маскоўскі самаўладца Іван III прыслаў Аляксандру «складную грамату», абвяшчаючы яму вайну. І прыпыненая вайна пачалася ў 1500 годзе з новаю сілаю. Каманду над Літоўска-беларускім войскам меў князь Канстантын Астроскі. У чэрвені адбылася страшэнная бойка недалёка каля гораду Дарагабужу. Маскоўскім войскам тады камандваў добры знаўца ваеннай справы Даніла Холмскі. Каля 8 тысяч народу палажылі свае галовы ў гэтай бойцы. Літоўска-беларускія войскі былі разьбіты, кінуліся на ўцёкі, а ваявода князь Астроскі папаў у маскоўскі палон.
Яшчэ на працягу трох доўгіх гадоў маскоўскія войскі руйнуюць беларускую тэрыторыю. Удзень неба чарнее дымам, а ўноч цемра палае чырвоным агнём пажараў. Рэчкаю льлецца чалавечая кроў, нішчыцца сабраная працаю маемасьць. Скора маскоўскае войска пачало галадаваць у краі, каторы само зьнішчыла і зруйнавала, і распачаліся самі сабою перагаворы аб згодзе. У 1503 годзе замірэньне ўрэшце было падпісана. Масква атрымала Гомель і некалькі мест у Рагачоўскім павеце. У час гэтага замірэньня ў 1506-м годзе памерлі і цесьць, і зяць.
Пасьля іх сьмерці гаспадаравалі на Літве і Беларусі брат Аляксандр Зыгмунд II (Стары), а ў Маскве — Васіль III, сын Івана III. Яны зноў пачалі барацьбу, скарыстаўшы дробнае здарэньне. У 1508 годзе перабег з Літвы ў Маскву воража настроены да Зыгмунда князь Глінскі. Літоўска-беларускі гаспадар увесь час быў нездаволены тым, што Масква прыняла ўцекача. Глінскі з свайго боку падбіваў маскоўскага гаспадара на вайну з Літвою. Зноў маскоўскія войскі ўварваліся на Беларусь. Зыгмунд, даведаўшыся аб гэтым, сабраў