кае, моцнае войска і вышаў ім на спатканьне. Перамогу атрымаў Зыгмунд і пачаў гнаць няпрыяцеля на ўсход. Васіль III, бачачы, што ён прайграў справу, павінен быў прасіць згоды. Абедзьве стараны падпісалі «вечны мір». Маскоўскі гаспадар павінен быў прыпыніць свой наступ на ўсход і вызваліць з палону князя Астроскага і другіх ваеннапалоньнікаў.
«Вечнасьць» утворанай згоды цягнулася вельмі нядоўга, усяго толькі пяць год. У 1513 годзе зноў разгарэўся пажар імпэрыялістычнай вайны. Маскоўская армія ўвашла на тэрыторыю Беларусі. Адбываюцца адна за другою вялікія бойкі пад Смаленскам і Воршаю. Пад Воршаю ўжо вядомы нам гэтман Астроскі атрымаў над маскоўскім войскам дзьве пабеды, ня гледзячы на тое, што яго армія была меншаю ад маскоўскай у два разы. Ад Воршы ён гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу. Змаганьне бязупынна ідзе і далей. Перамога перакідваецца то на тую, то на другую старану, пакуль яна зусім не пяройдзе на старану Масквы. Такія гарады, як Полацак, Мсьціслаў, Магілеў, Ворша, Рагачоў, Гомель, Віцебск, Смаленск і інш., руйнуюцца па некалькі раз. Мы ўжо і ня лічым, які страшэнны лік вёсак, невялічкіх мястэчак быў зруйнован за часы гэтага змаганьня. Усё тое, што зрабіла многавяковая праца народных нізоў, гібне ў часы імперыялістычнага змаганьня. Зямля зарастае частым лесам. Людзі бадзяюцца па лясох, хаваючыся там ад забойства і рабаваньня. Прыпыняецца народная творчасьць. Насельнікі краю, бачачы, што барацьбе няма канца-краю, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украіну. А барацьба ўсё ідзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534 і 1536 гадох. І тая і другая старана, змучаныя змаганьнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 год. Пры Іване IV Грозным у 1561 годзе зноў пачынаецца так званая Лівонская вайна, каторая таксама адбывалася на тэрыторыі Беларусі.
Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імпэрыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсьць іх «вотчына».
КУЛЬТУРНАЯ ПРАЦА
Ня гледзячы на тое, што край з году ў год руйнаваўся, што нішчылася і матэрыяльная і інтэлектуальная