У канцы 1862 года Каліноўскі вярнуўся ў Вільню. Час адкрытага паўстання ўжо набліжаўся. Рэволюцыйная сітуацыя рабілася больш спрыяючай. І за граніцай і ў самой Польшчы ішло збіранне сродкаў на куплю зброі. У Італіі (Генуя) было нават арганізавана нешта накшталт ваеннага вучылішча для падрыхтоўкі афіцэраў для будучай польскай рэволюцыйнай арміі. У Францыі ў ваенных школах было размешчана многа палякаў, якія рыхтаваліся прыняць удзел у паўстанні. У Варшаве сярод «чырвоных» панавала думка, што паўстанне трэба паскорыць і падняць яго да набору рэкрутаў у царскую армію, які неўзабаве павінен быў праходзіць з мэтай узяць на ваенную службу найбольш рэволюцыйныя элементы польскага грамадства, галоўным чынам малазямельных сялян і гарадскую рамесніцкую моладзь. Паўстанне набліжалася. Яно не магло не захапіць Беларусь і Літву і мела патрэбу ў кіраўніцтве. Для рэволюцыянера такога маштаба, як Кастусь Каліноўскі, які сваімі здольнасцямі, сваёй блівасцю да мас і характарам сваіх рэволюцыйных лозунгаў быў нібы закліканы адыгрываць ролю правадыра, ужо немагчыма было заставацца ў вёсцы, і ён павінен быў выступіць на больш шырокую дарогу арганізатара рэволюцыйных сіл Літвы і Беларусі.
Гэта было тым больш неабходна, што сярод Літоўскага Аддзела Варшаўскага Нацыянальнага Камітэта (Літоўскага Правінцыяльнага Камітэта) ішлі спрэчкі, і ў кіраўніцтва Камітэта, не гледзячы на яго «чырвоны» склад, не было цвёрда склаўшыхся тактычных і нават прынцыповых поглядаў на характар паўстання і асабліва на адносіны Літоўскага аддзела да Варшаўскага цэнтра. «Чырвоныя» Літоўскага Камітэта прытрымліваліся традыцый першай французскай буржуазнай рэволюцыі[1]. Іх захаплялі якабінскія
- ↑ Гэтыя традыцыі дайшлі да 1863 года праз Кракаўскае паўстанне 1846 года, удзельнікамі якога былі і некаторыя з дзеячоў 1863 года. У маніфесце, апублікаваным рэволюцыйным урадам у Кракаве 22/11 1846 г., выразна гучаць якабінскія лозунгі.