і даносам, схапілі самі, як некалі Мірабо, бразды кіравання, каб разам авалодаць ім, а затым пакарыць яго... Пазбаў мяне божа, прадаўжае аўтар, - змешваць з імі якіх-небудзь Каліноўскіх К., якіх-небудзь Борзабагатых[1] і ўсіх гэтых страшыдлаў, якіх выкідвае ўсякая грамадская разруха і якія карыстаюцца ва ўсякі час грамадскім няшчасцем, прымушаючы зарадзіцца — праз хітрасць, інтрыгі і пранырлівасць - нязгоду і завісць, пад іменем брацтва і роўнасці»[2].
Хоць гэтая характарыстыка ананімнага аўтара адносіцца да некалькі больш позняга часу, калі дзейнасць Каліноўскага набыла больш шырокі размах, але яна яскрава характарызуе і непрымірымую процілегласць паміж Каліноўскім і тымі з мнімых сяброў паўстання, якія далучаліся да яго, прытрымліваючыся вядомай формулы: «узначаліць рух, каб яго абезначаліць».
Да ліку такіх мнімых сяброў беларуска-літоўскага руху належаў і нейкі Нестар Дзюларан, агент Варшаўскага Камітэта ў Літве. Будучы раней блізкім да «чырвонага» Літоўскага Камітэта, ён пазней страціў давер'е ў «чырвоных» і завёў перагаворы з «белымі». Па паказаннях былога члена Жонда Авейдэ, «у самым пачатку рэвалюцыі наш быўшы агент Нестар Дзюларан, адцёрты «чырвонымі» літоўцамі, паспеў сыйсціся з «белымі» без усякага загаду аб тым з Варшавы»[3]. Яго асабліва палохала дзейнасць Каліноўскага і яго сябра ўрача Длускага, пачынаўшая ужо прыносіць плады. Можна дакументальна засведчыць, што ў лютым у розных месцах Беларусі пад уплывам «Мужыцкай Праўды» сялянскія паўстанні набылі больш шырокі размах. Яны мелі партызанскі характар, як аб гэтым гаворыць у сваім данясенні цару шэф жандармаў князь Далгарукаў. Не гледзячы на ўсё жаданне жандармаў паказаць увесь рух, як выключна дваранскую зацею, з данясення князя Далгарукава зусім ясна ўстае ўдзел у ім сялян і спачуванне іх да яго, бо, як гаворыцца ў данясенні, «сяляне захоўвалі строгую тайну (аб месцы знаходжання паўстанцаў. В. П.) і захоўвалі пад страхам смерці сляды мяцежнікаў». Пры гэтым сяляне, па данясенню генерала Манюкіна ваеннаму міністру, захоплівалі панскія землі і спальвалі статутныя граматы, «дабаўляючы, што зямлю ім уступаюць дарам». Такіх выпадкаў можна прывесці многа. Ва ўсім гэтым адчувалася дзейнасць К. Каліноўскага і вынікі яго прапаганды. У данясеннях жандармаў даволі часта сустракаюцца ўспаміны аб распаўсюджваемай у літоўскіх і беларускіх губернях «Мужыцкай Праўды» К. Каліноўскага і аб чытанні яе сялянамі.