Старонка:Кастусь Каліноўскі (1945).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

Сялянскі рух у Літве і Беларусі яшчэ не ў поўнай меры разгарнуўся ў лютым 1863 г., але ужо тое, што тады адбывалася, напалохала Дзюларана і яго сяброў з лагера «белых». Дзюларан вырашыў зрабіць данос на К. Каліноўскага ў Варшаву. З слоў Авейдэ, ён у палавіне лютага 1863 года з'явіўся ў Варшаву і паведаміў члену Жонда Баброўскаму, вёўшаму ў ім справы Беларусі і Літвы, што Літоўскі Камітэт хоча адасаблення Беларусі і Літвы ад Польшчы і падымае ўсюды сялян супроць паноў. Да гэтага Дзюларан дадаў доказы і аб тым, што «чырвоныя» ў Літве і Беларусі слабыя, вялікім уплывам не карыстаюцца, што «белыя» больш моцныя і больш могуць садзейнічаць поспеху паўстання, дзякуючы міжнароднай падтрымцы і сваёй папулярнасці сярод шляхецтва. Яны, па словах Дзюларана, гатовы ўзяць у свае рукі кіраўніцтва рэволюцыяй і спадзяюцца на поспех.

Гэтыя аргументы не маглі не падзейнічаць на членаў Варшаўскага жонда. Данос Дзюларана прыпадаў якраз на той час, калі Францыя і Англія, не гледзячы на рашучыя пярэчанні Бісмарка, рыхтаваліся зрабіць сумеснае прадстаўленне Александру II аб неабходнасці пайсці на ўступкі палякам. Гэтыя спадзяванні на ўмяшанне еўрапейскай дыпламатыі ўзмацнялі ўплыў «белых» на Варшаўскі Жонд і аслаблялі пазіцыі тых яго членаў, якія арыентаваліся на ўсенароднае паўстанне. К тамуж нават і «чырвоныя» члены Жонда вельмі баяліся таго, што К. Каліноўскі і яго сябры на выпадак поспеху народнага руху ў Беларусі і Літве парвуць з Варшавай і будуць дзейнічаць у карысць стварэння самастойнай Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Аб неспачуванні варшаўскага рэволюцыйнага ўрада дзейнасці Літоўскага Камітэта і ў прыватнасці К. Каліноўскага вельмі выразна гаворыць касір Літоўскага Камітэта памешчык Антон Еленскі ў сваіх паказаннях, якія адносяцца к лютаму 1863 года: «Паступкі гэтай партыі (г. зн. «чырвоных» Літоўскага Камітэта. В. П.) дайшлі да такой ступені, што нават варшаўская крайняя партыя знаходзіла іх заўчаснымі і, каб спыніць «чырвоных», з Варшавы быў прысланы Нестар Дзюларан»[1]. Першапачатковыя паўнамоцтвы Дзюларана ў адносінах да Віленскага Камітэта былі, відавочна, даволі неазначанымі. Згодна паказанняў Авейдэ, які не асабліва добра быў асвядомлены аб становішчы ў Літве, Дзюларан і другі прыхільнік «белых» Гейштар[2] былі вылучаны са згоды Цэнтральнага Варшаў-

  1. Даклады Віленскай следчай камісіі 24 ліпеня 1864 г. № 451.
  2. Гейштар, згодна яго паказанняў следчай камісіі, «ніколі не спачуваў тайным таварыствам..., змагаўся за рэформы супроць паўстання». Ён-жа паказваў, што чутка аб узняўшымся ў царстве Польскім паўстанні ўразіла яго глыбока, бо ён і яго прыхільнікі лічылі гэтае паўстанне «бядовым для Польшчы». Да «чырвонага» Віленскага Камітэта Гейштар быў настроены варожа і характарызаваў яго, як установу, «якая не ведае краіны, лічыўшую, што развіццю народнай вайны нібы перашкаджаюць памешчыкі». З гэтымі меркаваннямі Чырвонага Камітэта, які знаходзіўся пад уплывам К. Каліноўскага, Гейштар, вядома, быў у корані не згодзен.