тыя, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў мецяжах, не гледзячы на факты, выкрываючыя іх злачынствы, не толькі ўпарцяцца ў свядомасці, але яскрава выяўляюць нянавісць сваю да рускіх (чытай: да царскіх улад. В. П.) і на міласць царскую глядзяць раўнадушна»[1].
У той жа час паўстанне ахоплівала і іншыя раёны, у якіх дзейнічалі сябры і прыхільнікі К. Каліноўскага. У Літве сялянскія атрады фарміравалі капітан Серакоўскі, Калышка і афіцэр Карэва, а таксама ксёндз Мацкевіч, дзейнасць якога асабліва шырока разгарнулася пазней — пасля арышту Серакоўскага. Адносна Ковенскай губерні нават чарнасоценны аўтар «Виленских очерков», якія адносяцца к 1863 - 65 гг., генерал Масолаў, схільны па прыкладу іншых рэакцыянераў паказваць усё паўстанне, як панскую зацею дваран, павінен быў прызнаць, што «уся губерня ўзнялася на ногі: нідзе сяляне не ішлі на мяцеж з такім уздымам. Толькі на Жмудзі Серакоўскі і Калышка маглі сабраць такія шматлікія полчышчы». У данясенні начальніка 4-й акругі (Дзінабургскі раён) корпуса жандармаў князю Далгарукаву ад 8 мая 1863 года гаворыцца: «Мяцежнікі не толькі не знішчаюцца, але яшчэ ўзмацнілі ў апошні час сваю злачынную дзейнасць у тутэйшым краі. Шайкі з'яўляюцца ў мностве, парушаючы ўсюды наладжаны парадак. Земская паліцыя, можна сказаць, не існуе больш, - яна ахоплена жахам ад з'яўлення мяцежнікаў на пунктах, дзе іх зусім не чакаюць... Нарэшце, горшае за ўсё ў тым, што сяляне, да гэтага справядлівыя свайму абавязку, пачынаюць вагацца». Такім чынам пад уплывам Каліноўскага і яго сяброў, не гледзячы на часовую «апалу», у якую папала «чырвонае» кіраўніцтва, з боку варшаўскага цэнтра, сялянскі рух шырока разліваўся па ўсёй Беларусі і Літве і прымаў характар сапраўднай аграрнай рэволюцыі.
У той час як пад уплывам Каліноўскага сялянскі рух на Беларусі ўступіў у рашаючую фазу, «белыя» і прымыкаўшыя да іх двурушнікі выявілі сваю поўную няздольнасць кіраваць паўстаннем. Нават і вядомы нам Гейштар у сваіх пазнейшых успамінах, якія значна разыходзяцца з яго паказаннямі, данымі на следстве, павінен быў прызнацца, што паўстанне мела поспех толькі там, дзе народ падтрымліваў яго[2]. «Белыя» толькі развальвалі рух. Член Варшаўскага Жонда Авейдэ, адзначаючы недахопы «белага» кіраўніцтва ў Літве і Беларусі, у сваіх паказаннях следчай камісіі гаворыць, што «белыя», атрымаўшы ўладу ў свае рукі, пастараліся пазбавіць удзелу ў кіраўніцтве жывы, малады, уласна рэволюцыйны элемент. Важныя пасады камісараў, начальнікаў ваяводстваў і паветаў даставаліся амаль выключна вельмі добрым і