Старонка:Кастусь Каліноўскі (1945).pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

«комуністычнымі». У Герцэне і Каліноўскі і ўся рэволюцыйная моладзь таго часу бачылі свайго агульна-прынятага правадыра. Пад уплывам яго ідэй аб «праве народа на зямлю» і аб «ураўняльным надзеле зямлі» яны гатовы былі ўзняць сцяг сялянскай рэволюцыі і лічылі сябе нават соцыялістамі, хоць у знішчэнні памешчыцкага землеўладання і перадачы зямлі сялянам ва ўласнасць соцыялізма, вядома, яшчэ не было.

З другога боку, Каліноўскі знаходзіўся ў часе свайго жыцця ў Пецербургу пад уплывам польскіх рэволюцыйных арганізацый. Пасля падаўлення польскага мецяжа 1831 года ў Польшчы рэволюцыйны рух не сціх. Там дзейнічалі дзве партыі: арыстакратычная, якая складалася з буйнай памеснай шляхты і называлася «белыя», і дэмакратычная, ядром якой былі рэволюцыйнанастроеныя шляхецкія і буржуазныя элементы, а таксама студэнты, афіцэры і розначынцы, што дабіваліся аддзялення Польшчы ад Расіі. З развіццём рэволюцыі да іх прымкнулі яшчэ больш дэмакратычныя элементы, якія вышлі з асяроддзя інтэлігенцыі. Гэтая партыя атрымала назву «чырвоных». «Белыя» разлічвалі дабіцца самастойнасці Польшчы з дапамогай дыпламатычнай падтрымкі з-за мяжы, баяліся народнага, у асаблівасці сялянскага, паўстання і спадзяваліся дабіцца ад царскага ўрада уступак шляхам перагавораў з ім, спадзяваліся атрымаць дапамогу з боку заходнееўрапейскіх канстытуцыйных дзяржаў, галоўным чынам Францыі і Англіі. Яны гатовы былі пайсці і на кампраміс з царскім урадам - толькі-б пазбегнуць страшнай для іх народнай рэволюцыі. «Чырвоныя», наадварот, стаялі за паўстанне; яны разумелі, што без мас, галоўным чынам сялянскіх, польская рэволюцыя не можа мець поспеху. Але сярод іх саміх былі людзі рознага роду адценняў, ад больш радыкальных, накшталт Дамброўскага і Врублеўскага, якія пазней сталі на абарону Парыжскай Комуны, да умераных, якія імкнуліся толькі ліквідаваць рэшткі прыгонніцтва ў Польшчы, знішчыць перажыткі феадальных павіннасцей і, не знішчаючы памешчыцкага землеўладання, замацаваць за сялянамі іх зямлю ва ўласнасць, а памешчыкам даць выкуп з рук дзяржавы, накіраваўшы гэтым самым іх гаспадаркі на шлях капіталістычнага развіцця.

У пытаннях аб межах Польшчы, якая адраджалася да самастойнага жыцця, і «белыя» і «чырвоныя» патрабавалі аднаўлення Польшчы у межах 1772 года, г. зн. уключэння ў склад будучай Польскай дзяржавы Беларусі, Літвы і Украіны.

Калі ў Расіі пасля няўдалай Крымскай кампаніі склалася рэволюцыйная сітуацыя, у Польшчы ажывіліся імкненні да нацыянальнага вызвалення. Да «чырвоных» пачалі прымыкаць шырокія дэмакратычныя кругі, і соцыяльная база, на якую яны апіраліся, пашырылася, бо іх сталі падтрымліваць рамеснікі,