Старонка:Качаргой па абразох (1930).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Ад старых лапцей абора
Неяк выпала з кішэні…
(Хай другі сьмяецца ў жменю,
А па мне — чаго дзівіцца?
Ён абору ўзяў ў кішэню,
Каб ад дружак бараніцца,
Калі тыя грамадою,
Як на свата, на Рыгора
Стануць сыпаць збажыною —
Вось на што была абора!)
Заўтра зранку маці ўстала
І, угледзеўшы абору,
Як асіна задрыжала
І нагамі — брык! угору.
Посьле гвалт, як на пажары,
Падняла з усіх лапатак:
„Ой, ратуйце! мусіць чары
Нехта кінуў наастатак!“
Пазьляталіся шаптухі
Груганамі з цэлай вёскі
І залопалі-псяюхі!
Языкамі аб падноскі.
„Чары! чары, ня іначай!
Ой ты, ведзьма-чараўніца!
Не адзін дзянёк праплача
Малады і маладзіца!“
Ўсьлед за бабамі мужчыны
Барадой затрэсьлі ўгору:
„Праўда! праўда! Бяз прычыны
Ня падкінулі-б абору!